Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Былому кіраўніку Віленскага вайсковага гарнізону, а цяпер намесьніку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанту Ўладзімеру Ўсхопчыку Генэральная пракуратура Летувы даслала позву ў суд. 54-гадоваму генэралу належыць зьявіцца ў Віленскую пракуратуру 2 кастрычніка. Усхопчыка абвінавачваюць у шэрагу крымінальных злачынстваў, зьвязаных з замахам на незалежнасьць Летувіскае Рэспублікі.

Напрыканцы чэрвеня генэральны пракурор Летувіскае Рэспублiкi Казiс Педнiчас даслаў лiст беларускаму генэральнаму пракурору Алегу Бажэлку, у якiм, спысылаючыся на дамову памiж Летувой i Беларусьсю пра праўную дапамогу, просiць выявіць месца жыхарства, а таксама ўручыць судовую позву Ўсхопчыку Ўладзiмеру Мiкiтавiчу.

Крымiнальная справа супраць Усхопчыка была распачатая 12 студзеня 1991 году. Яго i Станiславу Юонене абвiнавачваюць ў шэрагу злачынстваў – у тым, што зь 1 сакавiка 1990 году да 23 жнiўня 1991 году, яны «дзейнiчалi ў групе паводле папярэдняе змовы, ставілі на мэце гвалтоўна зрынуць законную ўладу Летувіскае Рэспублiкi, стварылi антыдзяржаўныя арганiзацыi i бралі актыўны ўдзел у iхнай дзейнасьцi, захапiлi з далучэньнем армii былога Савецкага Саюза дзяржаўныя прадпрыемствы i арганiзацыi, ствараючы перашкоды для iхнай нармальнай працы».

Ускопчыка i Юонене абвiнавачваюць таксама ў тым, што яны «ўдзельнiчалi ў забойствах жыхароў Летувы й прычыненьнi iм цялесных пашкоджаньняў рознае ступенi цяжкасьцi, выкрадалi й пакушалiся на крадзеж зброi з мэтаю авалодаць дзяржаўнай i грамадзкай маёмасьцю, у разбоі».

У бiяграфii генэрала ёсьць адзiн цiкавы факт. У пэрыяд, калi Ўсхопчык камандаваў мотастралковым палком, яго падначаленым быў кiраўнiк артылерыi Аслан Масхадаў (цяперашні прэзыдэнт Чачнi).

Нагадаем, што Ўладзiмер Усхопчык перабраўся зь Летувы ў Беларусь пасьля развалу Савецкага Саюза. Сёлета ў траўнi Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго намесьнiкам мiнiстра абароны. Адметна, што пяць год таму генэрала хацелi зрабiць мiнiстрам абароны Беларусi. Але тады летувіскi бок выказаў моцнае абурэньне гэтым фактам, i Усхопчык ня стаў мiнiстрам. Цяпер яму ўдалося заняць высокую пасаду.

Як сьцьвярджае летувіская газэта «Эхо Литвы», генэрал-лейтэнант «з часам можа перасесьцi ў крэсла мiнiстра. А, можа, i ў якое-небудзь iншае крэсла, пра якое пакуль здагадваюцца далёка ня ўсе».

У 1994 годзе Генэральная пракуратура Летувы ўжо зьвярталася да Беларусi з просьбаю выдаць Усхопчыка, але ёй адмовiлi. Цяпер летувісы зрабiлi яшчэ адную спробу. 2 кастрычнiка 2000 году а дзявятай гадзiне раніцы намесьнiк мiнiстра абароны Беларусі павiнен зьявiцца з пашпартам у пракуратуру ў Вiльні.

Я паспрабавала даведацца ў беларускай пракуратуры, цi перадалi яны позву Ўладзiмеру Ўсхопчыку. У мiжнародным аддзеле, дзе звычайна займаюцца такiмi справамi, пра позву наогул ня ведалі. У канцылярыi, дзе рэгiструецца ўся карэспандэнцыя, прозьвішча Ўсхопчыка чулi, i нават нешта ведаюць пра яго справу, але ў кампутары позва на ягонае iмя не зарэгiстраваная.

У прыёмнай намесьнiка мiнiстра абароны Усхопчыка таксама нiчога не ведаюць пра позву ў летувіскi суд. Але там даволi ясна выказалiся: «Няўжо ў Летуве думаюць, што ён прыпаўзе да iх?..».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG