Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Сяргей Наавумчык, Прага

Сёньня чэскі Сэнат прыняў рэзалюцыю ў справе ў Беларусі, у якой сьцьвярджаецца, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, адсутнічае свабода слова, зьнікаюць апазыцыйныя палітыкі, а выбары, калі яны пройдуць паводле цяперашняга закону – ня могуць быць прызнаныя вольнымі і справядлівымі.

Вось ужо некалькі месяцаў запар беларускае пытаньне трымаецца ў якасьці даволі прыкметнага ў палітычным жыцьці Чэхіі. У сакавіку ў камісіі Сэнату ў міжнародных справах абдыліся слуханьні ў справе правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі. Парлямэнтары прыйшлі да высновы, што сытуацыя ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным стандартам. Вынікам гэтага быў візыт у Беларусь двух сэнатараў – спадароў Жантоўскага і Румла.

Зрэшты, і беларускія апазыцыйныя палітыкі і грамадзкія дзеячы мелі візыты ў Чэхію. Нагадаю, што толькі на працягу апошніх месяцаў Прагу наведалі прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Васіль Быкаў, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, Старшыня БНФ Зянон Пазьняк, а раней летась – намесьнік Старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка, каардынатар "Хартыі –97" Андрэй Саньнікаў, намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Кароль. І вось што прыкметна: лідэры беларускай апазыцыі спатыкаліся ня толькі з кіраўнікамі чэскіх палітычных партыяў, але і з высокімі дзяржаўнымі асобамі. Гэтым самым чэскае кіраўніцтва акрэсьлела сваё стаўленьне да беларускай тэмы.

Але пры ўсім гэтым прыняцьцё сёньняшняй рэзалюцыі ў чэскім сэнаце не выглядала бяспрэчным фактам. Прычына ў тым, што чэскі сэнат складаецца з фракцыяў, пазыцыі якіх ў шэрагу пытаньняў, у тым ліку і датычна міжнароднай палітыкі, дыямэтральна супрацьлеглыя. Уласна і сам сёньняшні ўрад Чэхіі сфармаваны шляхам кампрамісу. У якасьці госьця на сёньняшнім паседжаньні Сэнату прысутнічаў кіраўнік беларускага інфармацыйнага цэнтру ў Празе Ўладзіслаў Яндзюк. Вось што ён мне паведаміў па тэлефоне перад галасаваньнем:

(Яндзюк: ) "Ёсьць пэўныя зьвесткі, што гэтае галасаваньне ня будзе адназначным. На сёньня вядома, што сэнацкі клюб сацыял-дэмакратычнай партыі пастанавіў галасаваць супраць гэтай рэзалюцыі. Натуральна, што прадстаўнікі камуністычнай партыі таксама будуць галасаваць супраць рэзалюцыі. Вядома таксама, што беларускі амбасадар Бельскі прыкладаў вельмі вялікія намаганьні да таго, каб гэтая рэзалюцыя ў Сэнаце не прайшла".

У 16 гадзінаў паводле праскага часу рэзалюцыя – афіцыйны ейны назоў "Аб разьвіцьці падзеяў у Беларусі" – была прынятая. На тэлефоннай сувязі ізноў кіраўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтру ў Празе Ўладзіслаў Яндзюк:

(Яндзюк: ) "Рэзалюцыю прадставіў у Сэнаце сэнатар Румл. У сваім выступе ён адзначыў, што, па-першае, уся ўлада ў Беларусі знаходзіцца ў руках Лукашэнкі, ён працягнуў свае паўнамоцтвы на падставе рэфэрэндуму, які ня быў прызнаны ніводнай краінай Эўрапейскага Зьвязу і, такім чынам, ягоная легітымнасьць ёсьць пад пытаньнем; такім чынам, улада ў Беларусі не знаходзіцца пад кантролем беларускага народу, ёсьць выпадкі зьнікненьня людзей, якія ня высьветленыя ворганамі правапарадку, падобны погляд на сытуацыю ў Беларусі падзяляе і АБСЭ. Далей ён казаў пра недэмакратычны выбарчы кодэкс Беларусі, не прызнаны дэмакратычнымі краінамі, і што выбары паводле яго ня будуць дэмакратычнымі. Дыскусія цягнулася даволі доўга, амаль гадзіну. Выступіла шмат сэнатараў ад усіх партыяў. 49 сэнатараў прагаласавала "за", 4 было супраць. Агульная колькасьць зарэгістраваных сёньня сэнатараў – 65".

Да інфармацыі кіраўніка Беларускага інфармацыйнага цэнтру ў Празе Ўладзіслава Яндзюка, які прысутнічаў пад час галасаваньня, дадамо, што ўсе чатыры сэнатары, якія прагаласавалі супраць – належаць да камуністаў.

Дарэчы, за прыняцьцё рэзалюцыі у ліку большасьці сэнатараў (а іх было, нагадаю, 49) галасаваў і міністар замежных справаў Чэхіі Ян Каван.

Адзначым, што з сёньняшняга дня чэскі ўрад і чэская дыпляматыя ў сваіх стасунках з Беларусьсю будуць сыходзіць з высноваў, якія зробленыя ў гэтай рэзалюцыі Сэнату. А менавіта: у Беларусі парушаюцца правы чалавека, адсутнічае свабода слова, зьнікаюць апазыцыйныя палітыкі, а выбары, калі яны пройдуць паводле цяперашняга закону – ня могуць быць прызнаныя вольнымі і справядлівымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG