Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 7 ліпеня)
У пятніцу прайшоў штоквартальны брыфінг грамадзкага аб'яднаньня "Беларускія фабрыкі думкі". Палітолягі й сацыёлягі рэпрэзэнтавалі новыя выданьні, а таксама пазнаёмілі прысутных з дадзенымі апошніх дасьледваньняў.

Калі б новы прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў чэрвені, за Аляксандра Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць 38 адсоткаў грамадзянаў. Гэта фактычна столькі ж, колькі было пад час апошняга апытаньня грамадзкае думкі ў красавіку, і на 8-10 адсоткаў меней за лічбы мінулага году. Такім чынам, у чэрвэні замацавалася тэндэнцыя рэзкага зьніжэньня рэйтынгу Лукашэнкі, якая ўпершыню выявілася два месяцы таму. Пра гэта сьведчаць вынікі чэрвеньскага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў.

Вышэйпаданую тэндэнцыю пацьвярджае і падзеньне колькасьці гэтак званых "перакананых прыхільнікаў" Лукашэнкі. Такім тэрмінам сацыёлягі называюць людзей, якія гатовыя галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта Беларусі ды хаўруснае дзяржавы, хто давярае яму і бачыць у ім ідэал палітыка. Такім чынам, у чэрвені, паводле сацыёлягаў, перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі ў беларускім грамадзтве налічваецца 13 адсоткаў, у той час як у красавіку іх было 15, а ў чэрвені мінулага году – 26 адсоткаў. Зь іншага боку, чэрвеньскае апытаньне зафіксавала, што перакананымі праціўнікамі Лукашэнкі застаюцца каля 28 адсоткаў апытаных.

Нажаль, пакуль што сацыёлягі не абнародавалі ўсіх вынікаў чэрвеньскага дасьледваньня, якія стануць адкрытымі для грамадзкасьці літаральна празь некалькі дзён. А галоўнай тэмаю брыфінгу стала прэзэнтацыя новых выданьняў, выпушчаная рознымі беларускімі аналітычнымі цэнтрамі ды няўрадавымі арганізацыямі.

Сярод іх аналітычны бюлютэнь "Беларусь у рэгіянальным кантэксьце", кніга "Да дэмакратыі праз грамадзянскую супольнасьць", падрыхтаваная фондам імя Льва Сапегі.

Кіраўнік Аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка прааналізаваў некаторыя дадзеныя разьвіцьця Беларусі. Паводле апошніх зьвестак ААН, ва ўзроўні чалавечага разьвіцьця, напрыклад, краіна зараз займае 57-е месца ў сьвеце, вышэй за ўсе іншыя дзяржавы СНД. З краінаў, утвораных на тэрыторыі былога СССР, Беларусь у гэтым паказьніку апярэдзілі толькі Эстонія і Летува. Аднак аналіз некаторых асобных аспэктаў гэтых лічбаў раскрывае іхную непрывабную спэцыфічнасьць.

Гэтак, у Беларусі ёсьць толькі адзін мабільны тэлефон на тысячу жыхароў, у той час як у суседняй Летуве – 72. Толькі 3,5% жыхароў Беларусі калісьці мелі справу зь інтэрнэтам, толькі 20 адсоткаў карысталіся кампутарам. "Нашае разьвіцьцё арыентаванае на задавальненьне самых простых, прымітыўных патрэбаў. Па-за ўвагаю застаюцца высокатэхналягічныя галіны і кампутарная сфэра", – адзначыў Заіка.

Зьдзівіла аналітыкаў і тэндэнцыя павелічэньня вагі прамысловага сэктару ў валавым нацыянальным прадукту. Беларусь такім чынам паўтарае альгарытм пачатку стагодзьдзя, калі ў сьвеце йшлі працэсы індустрыялізацыі. Цяпер жа ва ўсіх разьвітых краінах прамысловасьць займае ўсё меншае месца, усё больш заваёўвае сфэра паслугаў ды інфармацыі. Беларусь відавочна, стаіць убаку ад гэтага працэсу.

XS
SM
MD
LG