Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Яскравым прыкладам парушэньняў у Беларусі прафсаюзных правоў, што надоечы сталася падставаю для пазбаўленьня краіны амэрыканскіх гандлёвых прэфэрэнцыяў, зьяўляецца аграпрамысловы сэктар.

Ціск уладных структураў на прафсаюз аграпрамысловага комплексу адчуваўся ўвесь сёлетні год. Вось што распавёў нашаму радыё пра справаздачна-выбарчую кампанію, якая праходзіць цяпер у прафсаюзе, старшыня рэспубліканскага камітэту прафсаюзу Аляксандар Ярашук:

"Больш за ўсё намагаліся мясцовыя ворганы ўлады. Былі такія, хто актыўна адгукнуўся на заклік зьверху і выконваў дырэктыўныя ўказаньні. У прыватнасьці, такую адданасьць прадэманстраваў у Віцебску мясцовы абласны выканкам. Я там абіраўся дэлегатам зьезду і быў абраны. Пасьля гэтага ў структурах улады ўзьняўся вэрхал, былі спробы даказаць, што пры маім абраньні мелі месца парушэньні статуту. Гэтыя чыноўнікі мелі намер перашкодзіць майму далейшаму кіраўніцтву аграпрамысловым прафсаюзам і таму любым чынам імкнуліся пазбавіцца ад няўгоднага ім дэлегата зьезду ў маёй асобе", – зазначыў Аляксандар Ярашук.

Паводле ягоных словаў, у кампаніі дыскрэдытацыі ўдзельнічаюць і ягоныя былыя калегі. Ярашук прыйшоў на прафсаюзную працу з уладнай "вэртыкалі" – працаваў намесьнікам старшыні Менскага абласнога выканкаму. Увесну 98-га на аграпрамысловай нарадзе ў Горадні з удзелам Аляксандра Лукашэнкі Ярашук наважыўся публічна выказаць нязгоду з тагачасным аграрным курсам. Тая сьмеласьць празь некалькі месяцаў скончылася тым, што на ягонай чыноўніцкай кар'еры быў пастаўлены крыж. І вось цяпер яго спрабуюць выжыць і з прафсаюзаў.

Як паведаміў Ярашук, на дэлегатаў маючага адбыцца зьезду аказваецца ціск, іх спрабуюць пераканаць, што сябрам прафсаюзу АПК патрэбен новы лідэр.

Дарэчы, мяркуецца, што супрацьстаяць Ярашуку ў змаганьні за пасаду прафсаюзнага лідэра будзе цяперашні міністар сельскае гаспадаркі й харчаваньня Юры Мароз. Менавіта Мароз, паводле ўказаньня кіраўніка лукашэнкавай адміністрацыі Міхала Мясьніковіча, павінен быў узяць пад поўны кантроль справаздачна-выбарчую кампанію ў прафсаюзе і абраць на зьезд ляяльных да ўлады дэлегатаў.

Паводле іншых меркаваньняў, Лукашэнку болей не задавальняе асоба цяперашняга кіраўніка Мінсельгасхарчу, які нібыта не забясьпечыў эфэктыўнае рэалізацыі ягонай аграрнае палітыкі. Што тычыцца Ярашука, дык ён лічыць патрэбным неадкладна перагледзець цяперашні курс:

"Неабходна шукаць сур'ёзныя меры для вырашэньня праблемы заробкавай платы, якая з сацыяльна-эканамічнай перарасла ў палітычную праблему. Па-першае, у вяскоўцаў на сёньняшні дзень самыя нізкія ў краіне заробкі. Па-другое, яны па шмат месяцаў не выплочваюцца. Сёньня запазычанасьць перад сялянамі маюць больш як 2 тысячы гаспадарак. А 85 калгасаў і саўгасаў не разьлічыліся зь вяскоўцамі яшчэ за люты. Іншымі словамі, на сёньняшні дзень запазычанасьць у заробках пераўзыходзіць месячны фонд заробкавай платы", – паведаміў Аляксандар Ярашук.

XS
SM
MD
LG