Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Былы дырэктар магілеўскага заводу "Зэніт" Васіль Асіпенка асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна з абавязковым прыцягненьнем да працы на будоўлях народнай гападаркі.

Судовае разьбіральніцтва па крымінальнай справе Васіля Асіпенкі доўжылася два тыдні. Было разгледжана каля 40 эпізодаў, якія ўсе датычыліся будаўніцтва былым дырэктарам заводу ўласнай дачы ў прыгарадзе Магілеву. Там было і выкарыстаньне заводзкага аўтатранспарту без аплаты, і рабочага заводу, які таксама без аплаты працаваў чатыры месяцы на будаўніцтве дырэктарскага лецішча, і, фактычна, крадзёж мэталічных дзьвераў. У выніку Асіпенку прызналі вінаватым у завалодваньні маёмасьцю шляхам злоўжываньня службовым становішчам.

Сам былы дырэктар сваю віну не прызнаў катэгарычна і настойваў на тым, што аплата за ўсе паслугі яму асабіста вылічалася зь ягонай заработнай платы. Судзьдзя мяркуе, што такім чынам Асіпенка імкнуўся пазьбегнуць адказнасьці, а ўвогуле ягоны прысуд ацэньвае як сярэдні, ня жорскі і ня мяккі.

А вось адвакат падсуднага Сьвятлана Шахновіч уважае прысуд несправядлівым, бо паводле ейнага меркаваньня, былога дырэктара можна абвінаваціць толькі ў службовай халатнасьці – ён не прасачыў, каб падначаленыя належным чынам аформілі ўсе ягоныя асабістыя справы; па-другое, менавіта Асіпенка, які ўзначальваў завод "Зэніт" 5 гадоў, здолеў пачаць зь нічога і дасягнуць прыстойных вынікаў, і гэтыя заслугі трэба ўлічыць; па-трэцяе, з-за такіх дробязяў, якія можна знайсьці ў дзейнасьці ці ня кожнага кіраўніка, 52-гадовы Васіль Асіпенка адседзеў у турме як той крымінальнік ужо амаль 9 месяцаў ва ўмовах зусім не так званай "хіміі", як называюць працу на будоўлях, што дасталася яму паводле прысуду.

Тым ня менш судзьдзя не палічыла магчымым вызваліць былога дырэктара з-пад варты ў залі суда, хаця такая магчымасьць ёсьць, і так заўсёды робіцца. Гэты факт адвакат Сьвятлана Шахновіч будзе абскарджваць у парадку нагляду, але ня ўвесь прысуд. Паводле ейных словаў, Асіпенка вельмі стаміўся, а калі ў яго ня будзе праблемаў з працай на будоўлях народнай гаспадаркі, дык мяркуецца, што ён хутка выйдзе на волю. Гэта будзе хутчэй, чым абскарджаньне прысуду і новы судовы разбор. Лепш зьмірыцца, чым змагацца.

Такім чынам у Магілеве завершаная яшчэ адна дырэктарская справа.

XS
SM
MD
LG