Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Арганізатары сьвяточных акцыяў, прымеркаваных да Дня Незалежнасьці 27 ліпеня, маюцца правесьці мітынг і канцэрт у парку Горкага. Пра гэта дамовіліся сёньня прадстаўнікі трох палітычных партыяў – Беларускага Народнага Фронту, Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" і Аб'яднанае Грамадзянскае партыі.

Сьвяточныя мітынг й канцэрт плянуецца распачаць а 17-й гадзіне 27 ліпеня ў парку Горкага. Менавіта гэтыя мейсца й час вызначаныя ў заяве на адрэсу Менскага гарадзкога выканкаму, якую падпісалі 50 сябраў палітычных партыяў.

Заяўнікі падкрэсьліваюць, што вулічная акцыя стане складовай часткаю сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці 27 ліпеня. Зь іншых акцыяў варта адзначыць урачыстае адкрыцьцё помніка Генадзю Карпенку й футбольны турнір за кубак Свабоды.

А дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га й 13-га скліканьняў стануць удзельнікамі круглага стала "10 год сувэрэнітэту Беларусі: перамогі й паразы". Заканадаўчы ворган сумясьціць сваё ўрачыстае паседжаньне з нагоды Дня Незалежнасьці з працаю "круглага стала".

Агульны арганізацыйны камітэт у справе сьвяткаваньня дня 27 ліпеня будзе сфармаваны бліжэйшымі днямі. Усю падрыхтоўку каардынуе Рада Дэмакратычных сілаў.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, якая не ўваходзіць у Раду, маецца сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці асобна. Намесьнік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў паведаміў "Радыё Свабода", што сябры партыі будуць ладзіць пікеты й зьбіраць подпісы ў абарону незалежнасьці.

Апроч гэтага, КХП-БНФ зьбіраецца больш актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць, які стаіць у адным шэрагу зь іншымі сьвяточнымі падзеямі. Галоўная мэта зьезду, які адбудзецца 29 ліпеня, – ухваленьне Акту Незалежнасьці.

XS
SM
MD
LG