Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскі гарадзкі выканкам сёньня афіцыйна дазволіў арганізатарам "Усебеларускага зьезду за незалежнасьць" правесьці зьезд у палацы культуры "Сукно". Дзеля прыняцьця гэтага рашэньня сталічным чыноўнікам спатрэбілася каля трох тыдняў.

У афіцыйнай рэзалюцыі гарадзкога выканкаму, перададзенай сёньня прадстаўнікам аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду, запісана, што ўлады ня супраць правядзеньня зьезду 29 ліпеня ў памяшканьні Палацу культуры "Сукно". Адначасова ўлады папярэджваюць арганізатараў пра адказнасьць за грамадзкі парадак.

Менскія чыноўнікі адкладвалі разгляд заявы аргкамітэту зьезду амаль тры тыдні. На думку кіраўніка рабочае групы аргкамітэту Аляксандра Старыкевіча, "вэртыкальшчыкі" чакалі, якая каманда паступіць з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. І вось падобна на тое, што дазвол зьверху атрымалі.

Зрэшты, фармальна аніякіх санкцыяў уладаў на правядзеньне грамадзка-палітычных сходаў у памяшканьнях не патрэбна. Паводле заканадаўства, арганізатары падобных акцыяў павінны дамаўляцца наконт арэнды залі непасрэдна з гаспадарамі памяшканьня. Пра што, дарэчы, часта любяць паўтараць чыноўнікі, кажучы, што апазыцыянэры "самі сабе ствараюць праблемы". Але ў сапраўднасьці ўсё зусім інакш. Кіраўнікі ўсіх установаў, куды зьвярталіся сябры аргкамітэту зьезду, былі аднолькава катэгарычнымі – бяз санкцыі гарадзкога выканкаму прадаставіць памяшканьне ня можам.

Пакуль улады вырашалі, ці дазволіць зьезд, па ўсёй Беларусі ўжо вылучана 520 дэлегатаў на гэты форум. Усяго ж мяркуецца, што ў зьезьдзе возьме ўдзел прыкладна 800 дэлегатаў і гасьцей.

Паводле словаў сябраў рабочае групы, улады асабліва не перашкаджаюць праводзіць вылучэньне дэлегатаў. Выключэньнем зьяўляецца толькі Мсьціслаўе, дзе раённы пракурор Уладзімер Трывайла выклікаў днямі на размову кіраўніка мясцовае рады БНФ Івана Казадаева і папярэдзіў пра адказнасьць за распаўсюджваньне "антыканстытуцыйных", на ягоную думку, улётак з заклікам вылучаць дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд.

XS
SM
MD
LG