Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Як чакаецца, у бліжэйшыя дні Аляксандар Лукашэнка прызначыць дзень парлямэнцкіх выбараў. Між тым, магчыма, апошнім шанцам для ўлады атрымаць міжнароднае прызнаньне гэтых выбараў мог бы стаць іх перанос на вясну наступнага году. З такой прапановаю выступаюць некаторыя апазыцыйныя лідэры.

Бадай, упершыню не ў кулюарах, а на публічным узроўні магчымасьць пераносу парлямэнцкіх выбараў агучыў намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Чым ён абгрунтоўвае ідэю пераносу даты выбараў на вясну наступнага году?

Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Калі мы кажам аб свабодных і дэмакратычных выбарах, дык для іх правядзеньня трэба, каб быў створаны клімат даверу. Бо гэтыя чатыры ўмовы, якія падтрымлівае апазыцыя і эўрапейскія структуры, каб выбары тут можна было лічыць свабоднымі і дэмакратычнымі, таксама патрабуюць часу. І калі ўлічыць, што цяпер ужо ліпень, абсалютна немагчыма, каб выбары адбываліся сёлета. Павінен быць час, павінны быць выпушчаныя палітзьняволеныя з турмаў, мусяць быць сфармаваныя выбарчыя камісіі, мусіць быць дадзены доступ прадстаўнікам розных палітычных сілаў да тэлебачаньня, мусяць быць выкананыя іншыя ўмовы. Без гэтага ня будзе тут ніякі свабодных дэмакратычных выбараў, а будзе фарс".

Пэўны час улада аніяк не рэагавала на гэтую ідэю, але ўчора ў праграме "Палітычныя дыялёгі" дзяржаўнае тэлевізіі прапанова пра перанос даты выбараў была скрытыкаваная кіраўніком адной з камісіяў гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Анатолям Красуцкім.

Аляксандар Лукашэнка пакуль пры любой магчымай нагодзе цьвердзіць пра тое, што выбары пройдуць увосень і будуць, як ён заяўляе, "вольнымі і дэмакратычнымі". Зь іншага боку, Лукашэнка дасюль не падпісаў указ пра прызначэньне даты выбараў на кастрычнік, хаця паводле заканадаўства, на гэта застаецца літаральна некалькі дзён.

А як улада можа паставіцца да ідэі пераносу выбараў? Кіраўнік Цэнтру вывучэньня будучыні Аляксандар Патупа лічыць, што Лукашэнка будзе імкнуцца пасьпець правесьці легітымізацыю свайго рэжыму менавіта ўвосень, паколькі далей у падзеі можа актыўна ўмешвацца Расея…

(Патупа: ) "Для ўлады нявыгадны перанос выбараў. Тут ёсьць два падыходы да ўлады, бо ёсьць нейкая ўцямная намэнклятура, якая хоча і добрых адносінаў з Захадам, і добрых адносінаў з Масквой, і нейкага кансэнсуса зь беларускай грамадзкасьцю, і яна можа пайсьці на нейкія разумныя захады. Але ёсьць прэзыдэнт і ягонае кола антыкантрольных чыноўнікаў, якія ня хочуць ніякага ўзмацненьня кантролю за прэзыдэнцкай уладай, і яны будуць тапіць гэтую ідэю Гэта будзе фармальна вельмі цікавая барацьба".

Гаварыў Аляксандар Патупа.

Намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык перакананы, што перанос выбараў выгадны ўладзе.

(Сіўчык: ) "У першую чаргу, у гэтых выбарах зацікаўленая сёньняшняя ўлада. Чаму? Таму што яна на сёньняшні момант незаконная, і так доўга ня можа працягвацца. Калі б рэжым пайшоў на правядзеньне дэмакратычных выбараў, дык перад гэтым мусяць адбыцца перамовы паміж апазыцыяй і ўладамі. Такім чынам, некаторыя дзеячы маглі б забясьпечыць сабе спакойны сыход. Таму, на мой погляд, найбольш зацікаўленыя ў правядзеньні выбараў розныя дзеячы сёньняшняга рэжыму, бо асноўная маса не жадае зьвязвацца на ўсё жыцьцё зь лёсам дыктатара. Ды і яму трэба проста падумаць пра свой лёс. Іншага шляху няма. Бо ясна, што для правядзеньня фарсу ў сёньняшняга рэжыму хапіла б рэсурсаў, але сытуацыю гэта не зьмяніла б. Таму рэжым проста змарнуе грошы і рэсурсы на восеньскі фарс, бо ўжо відавочна, што апазыцыя на гэты фарс ня пойдзе".

Мяркуе Вячаслаў Сіўчык.

Такім чынам, пры пэўных акалічнасьцях ідэя пераносу парлямэнцкіх выбараў на вясну наступнага году магла б задаволіць суб'ектаў і пасярэднікаў беларускага палітычнага крызысу. Але, каб прызнаць гэта, ад улады патрабуецца паступіцца прынцыпамі, выявіць пэўную гнуткасьць. Дагэтуль падобныя якасьці беларуская ўлада не выяўляла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG