Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра намер стварыць грамадзкі камітэт абароны рэпрэсаваных сем'яў абвесьціў былы кіраўнік групы эканамічных дарадцаў беларускага ўраду Іван Лемяшэўскі, у сына якога 21 чэрвеня стралялі невядомыя.

Сёньня Іван Лемяшэўскі заявіў пра пляны стварэньня грамадзкага камітэту абароны рэпрэсаваных сем'яў. Лемяшэўскі, у сына якога стралялі невядомыя, лічыць, што з боку спэцслужбаў аказваецца незаконнае ўзьдзеяньне на сем'і многіх грамадзянаў Беларусі, якія выказваюць нязгоду з рэжымам, што пануе ў краіне. У тым ліку, і сем'і дзяржаўных чыноўнікаў.

Іван Лемяшэўскі кажа:

(Лемяшэўскі: ) "Сёньня сям'я ўцягваецца ў палітыку, а гэта ўжо прыкмета грамадзянскае вайны. Паводле маіх дадзеных, фактаў умяшаньня ў сям'ю з мэтаю аказаць узьдзеяньне на грамадзянаў паводле палітычных матываў нямала, у тым ліку, сярод вышэйшых чыноўнікаў. Нам трэба аб'яднацца, каб адстойваць свае правы, у грамадзкі камітэт дапамогі рэпрэсаваным сем'ям", – лічыць Іван Лемяшэўскі.

21 чэрвеня на сына Лемяшэўскага, студэнта-першакурсьніка Ільлю, быў учынены напад з боку невядомых. У юнака стралялі, куля прайшла у трох сантымэнтрах ад сэрца, Ільля цудам застаўся жывы. Старэйшы Лемяшэўскі ўпэўнены, што сыну адпомсьцілі за адмову супрацоўнічаць са спэцслужбамі, якія дамагаліся інфармацыі пра сувязі Лемяшэўскага з экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром. Быццам бы спэцслужбы вырашылі, што менавіта кіраўнік групы дарадцаў ураду перадае Чыгіру сакрэтную інфармацыю з ураду.

Спэцслужбы, аднак, лічаць гэтыя заявы фантазіямі Лемяшэўскага, а сьледчыя зь міліцыі, якія вядуць расьледваньне справы, не выключаюць вэрсіяў, згодна зь якімі малодшы Лемяшэўскі стаў ахвяраю нейкага канфлікту ў сваім асяродзьдзі. Міліцыя дагэтуль сумняецца, ці сапраўды ў юнака стралялі і ці носіць ён пад лапаткаю кулю, як сьцьвярджаецца ў мэдычнай даведцы. Высновы пра такія сумневы Ільля зрабіў сёньня пасьля агляду, які правялі судова-мэдычныя экспэрты…

(Лемяшэўскі: ) "Паглядзелі на кулявую адтуліну, і паўстала пытаньне – а ці ёсьць там куля. Хоць на рэнтгэнаўскім здымку яна бачная, але экспэрт вырашыў пераканацца асабіста, і цяпер прыйдзецца зь ім ехаць на рэнтгэн у шпіталь хуткае дапамогі", – кажа Ільля Лемяшэўскі.

Ягоны бацька, Іван Лемяшэўскі, сьцьвярджае, што некаторыя высокія чыноўнікі з ураду ўжо распаўсюджваюць зьвесткі пра тое, быццам Лемяшэўскія інсьпіравалі гісторыю з замахам, каб зрабіць выгляд, што сталі ахвярамі рэжыму, і зьехаць з краіны. На што Іван Лемяшэўскі заяўляе:

(Лемяшэўскі: ) "Я не зьбіраюся зьяжджаць, я не зьбіраюся зьнікаць. У мяне няма ані запасных аэрадромаў, ані канспіратыўных кватэраў, няма ніякіх рахункаў, я вырас тут на беларускай бульбе, і я застаюся на гэтай зямлі. І калі нешта са мной здарыцца, значыць яшчэ адно злачынства будзе зьдзейсьненае на беларускай зямлі".

Гэта быў былы кіраўнік групы ўрадавых дарадцаў Іван Лемяшэўскі, які зьбіраецца ствараць грамадзянскі камітэт абароны сем'яў, што рэпрэсаваныя спэцслужбамі Беларусі.

XS
SM
MD
LG