Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сьледчыя ворганы працягваюць пошук апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага, які зьнік 7 ліпеня ў менскім аэрапорце пры загадкавых абставінах.

Намесьнік пракурора Рэспубліканскае транспартнае пракуратуры Віктар Конан паведаміў "Радыё Свабода", што сьледчая брыгада, якая вядзе справу Зьміцера Завадзкага, адпрацоўвае ўсе вэрсіі, нават самыя неверагодныя.

Напрыклад, зьдзіўленьне выклікае тое, што чырвоная "Шкода" Завадзкага была прыпаркаваная амаль насупраць галоўнага ўваходу ў аэравакзал пад знакам, які забараняе паркоўку. А супрацоўнікі міліцыі чамусьці менавіта ў гэты дзень на гэтае парушэньне аніякае ўвагі не зьвярнулі. Паводле іхных словаў, яны ўвогуле не пацікавіліся гэтым аўтамабілем.

У інтарэсах сьледзтва ў пракуратуры адмовіліся пераказаць усе вэрсіі, але дадалі, што пакуль ня знойдзена аніякіх доказаў на карысьць якой-небудзь адной зь іх.

Карэспандэнт беларускага бюро ОРТ Зьміцер Наважылаў не выключае, што нехта можа падштурхнуць сьледзтва да вэрсіі пра гэтак званы "чачэнскі сьлед". Бо менавіта сёньня па тэлевізіі пачынаецца дэманстрацыя шматсэрыйнага дакумэнтальнага фільма Паўла Шарамета "Чачэнскі дзёньнік". Храналягічна падзеі фільма ахопліваюць пэрыяд ад уварваньня ў Дагэстан чачэнскіх баявікоў да сёлетняе вясны. У стужцы распавядаецца пра вайсковыя апэрацыі расейскае арміі з пункту гледжаньня імпэрскіх інтарэсаў Расеі, чачэнцы паказаныя як бандыты. Такім чынам, фільм цалкам адпавядае пазыцыі ОРТ адносна чачэнскае праблемы.

Гаворыць Зьміцер Наважылаў:

(Наважылаў: ) "Нягледзячы на выхад гэтага фільма… Удзел у яго стварэньне бралі некалькі апэратараў, у тым ліку, і з Масквы, і з Пяцігорска, і з іншых рэгіёнаў Расеі. У адносінах да тых апэратараў, наколькі я ведаю, ніякіх дзеяньняў не было, негяледзячы на тое, што яны жывуць у больш гарачых кропках, чым Беларусь. Той жа Пяцігорск, Махачкала. Таму калі сталі разглядаць вэрсію менавіта чачэнскага сьледу, што нібыта Дзьмітры быў выкрадзены з мэтай атрыманьня выкупа, дык мне здаецца, аэрапорт у гадзіну-пік – ня самае зручнае месца для выкраданьня. Мне здаецца, што каб гэта сапраўды былі чачэнскія тэрарысты, дык яны ўжо далі б аб сабе знаць ці патэлефанавалі б да нас на карпункт ці ў Маскву альбо дадому, да жонкі".

Гэта было меркаваньне Зьміцера Наважылава, карэспандэнта беларускага бюро ОРТ.

Прадстаўнік міжнароднае праваабарончай арганізацыі Малкам Хокс, які сочыць за падзеямі ў Беларусі, паведаміў "Радыё Свабода":

(Хокс: ) "Зьнікненьне Зьміцера Завадзкага, які зьяўляецца пятай паводле ліку асобаю сярод вядомых зьніклых у Беларусі людзей, выклікае ў Human Rights Wroch сур'ёзную заклапочаннасьць. Мы лічым, што беларускім уладам трэба дасьледваць гэтую справу, высьвятліць мейсца знаходжаньня Зьміцера Завадзкага, а не абвінавачваць бяздоказна апазыцыю. Усе беларускія грамадзяне маюць права жыць у бясьпецы, нягледзячы на іхныя палітычныя погляды. Апроч Тамары Віньнікавай, няма аніякіх зьвестак пра Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. Мы патрабуем ад беларускага ўраду ўзмацненьня намаганьняў, каб адшукаць мейсца знаходжаньня гэтых людзей".

XS
SM
MD
LG