Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Пуцін цьвяроза ацэньвае сытуацыю ў Расеі, прысьпешвае рэформы і бярэ прыклад з царскага прэм'ера Пятра Сталыпіна. Такія высновы робіць замежны друк, аналізуючы пасланьне прэзыдэнта Расеі Федэральнаму сходу.

Брытанская Financial Times зьвяртае ўвагу на тое, што Пуцін не падзяліў аптымізму ўраду наконт станоўчых тэндэнцыяў у Расейскай эканоміцы. Газэта цытуе ягоныя слова, што цяперашнія эканамічныя індыкатары выглядаюць няблага толькі на тле ўчарашніх, але яны вельмі сьціплыя ў параўнаньні з іншымі краінамі. На думку кіраўніка Расеі, калі не паскорыць тэмп структурных і палітычных пераўтварэньняў, Расея рызыкуе стаць краінаю "трэцяга сьвету".

Financial Times заўважае, што значную частку пасланьня Пуцін прысьвяціў адстойваньню свайго пляну аднаўленьня цэнтралізаванага кантролю над рэгіёнамі, назваўшы "ганебнымі" перашкоды, якія ствараюць мясцовыя ўлады, на шляху руху капіталу і тавараў.

Газэта The Wall Street Journal адзначае, што пасланьне балянсавала паміж нясумяшчальнымі каштоўнасьцямі, адстойваючы як палітыку "цьвёрдае рукі", гэтак і разьвіцьцё грамадзкіх аб'яднаньняў, аб'яўляючы свабоду слова недатыкальнаю, але крытыкуючы выкарыстаньне мэдыяў у якасьці "сродку барацьбы з дзяржаваю".
Газэта падкрэсьлівае, што Пуцін шмат разоў у сваім пасланьні ўжываў слова "сіла", сьцьвярджаючы, што да гэтай якасьці трэба імкнуцца ва ўсім – ад эканомікі да месца Расеі на сусьветнай арэне.

На думку аналітыка нашага Радыё Пола Гобла, прыярытэты, выкладзеныя Пуціным, ёсьць мадыфікацыя ідэяў прэм'ера царскае Расеі Пятра Сталыпіна. Імя Сталыпіна было адзіным, прыгаданым у пасланьні Пуціна. Пол Гобл заўважае, што Пуцін, як у свой час і Сталыпін, мае на мэце садзейнічаць эканамічнаму росту шляхам падтрымкі прадпрымальніцтва, але адначасна ўзмацняць уладу дзяржавы за кошт правоў регіёнаў і грамадзтва ў цэлым. Сталыпін абмяжоўваў уладу тагачаснае Думы і падаўляў аўтаномію Фінляндыі, Пуцін імкнецца рэфармаваць цяперашні Федэральны сход і абмежаваць правы регіёнаў.

Аналітык Радыё Свабода лічыць, што такая палітыка можа стварыць апазыцыю Пуціну як з боку групаў эліты, якія ўбачаць у яго кроках спробу перакрыць крыніцы іх даходаў, гэтак і з боку насельніцтва, якое можа быць занепакоеным зьмяншэньнем падтрымкі з боку дзяржавы самых малазабясьпечаных грамадзянаў. Пол Гобл адзначае, што менавіта з такім спалучэньнем незадаволенасьці эліты і насельніцтва сутыкнуўся Пётар Сталыпін пад час свайго прэм'ерства.

Як і Сталыпін, Пуцін апэлюе да патрыятызму і неабходнасьці захаваньня адзінства Расеі. Аналітык нашага Радыё прыгадвае, што напачатку стагодзьдзя, у часы Сталыпіна, гэтыя апэляцыі часам выкарыстоўваліся дзеля апраўданьня дзейнасьці скрайніх нацыяналістычных і адкрыта антысэміцкіх груповак. Пол Гобл ня выключае, што і зараз можа адбыцца нешта падобнае. Тады, лічыць аналітык нашага Радыё, Пуцін будзе вымушаны выбіраць паміж узмацненьнем прымусу і зваротам па падтрымку да тых плыняў у грамадзтве, якія ён зараз ігнаруе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG