Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Лёндан – Менск

Адной з самых гучных сэнсацыяў Ўімблдонскага тэніснага турніру стаў выступ беларуса Ўладзімера Ваўчкова, які з трэцяй сотні, у якую ён уваходзіў ва ўсясьветнай клясыфікацыі, на гэтым турніры прабіўся ў паўфінал і гуляў са шматразовым чэмпіёнам Ўімблдону Пітам Сампрасам. Нягледзячы на пройгрыш, Ваўчкоў лічыць сваё выступленьне ў Ангельшчыне пасьпяховым. Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі размаўляў з Уладзімерам Ваўчковым у лёнданскім аэрапорце "Гатвік" перад вяртаньнем на радзіму.

(Ваўчкоў: ) "Уражаньні самыя прыемныя, бо вынік нядрэнны. Увогуле, атмасфэра ў Ангельшчыне для мяне заўсёды спрыяльная. Для мяне было відавочна, што перамагчы Сампраса цяжка, але важна было зрабіць нейкія высновы й паглядзець, дзе я ва ўзроўні гульні ў параўнаньні зь ім. Мне было прыемна даведацца, што ў розыгрышы я адчуваў сябе даволі камфортна – адзінае, што было цяжка гуляць на падачах, бо Сампрас вельмі добра падае і першую і другую падачы".

Гэта быў паўфіналіст Ўімблдонскага турніру 22-гадовы беларускі тэнісыст Уладзімер Ваўчкоў.

Пасьля чвэрцьфіналу Ўімблдону-2000 Ўладзімера Ваўчкова пачалі пазнаваць на вуліцах Лёндану, вітацца й прасіць аўтограф. Малады тэнісыст зь небагатай краіны, у якой няма аніводанага травянога корту, што перамог Байрана Блэка й кінуў выклік самому Піту Сампрасу… – ён карыстаўся сымпатыямі заўзятараў і прэсы.

Брытанская тэлевізія паказвала кватэру, у якой жыў Ваўчкоў з Максімам Мірным ды іншымі сябрамі беларускае каманды, дзе бацька Ваўчкова варыў сыну баршчы. Паведамлялася, што Ваўчкоў ажно чатыры разы хадзіў на галівудзкі фільм "Гладыятар", зь якога ён набіраўся натхненьня, і што ён пазычаў шорты й красоўкі ў Марата Сафіна, бо ня меў уласнай добрай экіпіроўкі.

Пра сытуацыю з формаю гаворыць сам Уладзімер Ваўчкоў:

"Было такое. Проста ўся экіпіроўка ў мяне была яшчэ зь мінулага году – з Адкрытага кубка ЗША. У мяне сапраўды былі толькі дзьве пары белых шортаў. І так атрымалася, што Марат Сафін мне даў шорты, пару саколак, красоўкі, фірма "Nike" нешта дала, – і так вось, з кожнага па нітцы, і сабралі мне на кашулю… Мне гэта зусім ня сорамна, мая праца – гэта гуляць у тэніс на корце, а іншае – гэта праца агэнтаў, тых людзей, якія мне дапамагаюць. І калі яны не здолелі гэтага зарганізаваць, дык я з-за іх не адчуваў дыскамфорту. У мяне быў прыватны кантракт з агэнтамі, але я імі незадаволены і цалкам магчыма, што разьвітаюся з гэтымі людзьмі", – зазначыў Уладзімер Ваўчкоў.

Ваўчкоў адзін зь нямногіх вядомых беларускіх тэнісыстаў, які стала трэніруецца ў Беларусі. Вось што ён сказаў пра свае пляны:

"Для мяне самае галоўнае – захаваць гэты момант, каб ён стаў не кропкаю, да якой я дайшоў, а базаю, зь якой пайду далей. Самае галоўнае – працаваць яшчэ больш якасна, цяпер для гэтага будуць магчымасьці, заставацца здаровым, гуляць у тэніс, удзельнічаць у турнірах, а досьвед і вынікі будуць прыходзіць з кожным матчам".

Гэта быў беларускі тэнісыст Уладзімер Ваўчкоў. Летась Ваўчкоў меў сур'ёзную траўму пляча, аднак нягледзячы на гэта і на перапынак у гульні, прабіўся ў паўфінал прэстыжнага турніру, чым праславіў сябе й сваю краіну.

XS
SM
MD
LG