Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

У судзе Менскага раёну пачаўся працэс у адміністрацыйнай справе актывістаў БНФ Юрася Зянковіча, Алега Скарабагатава ды Сяргея Абакунчыка. Ім інкрымінуецца спроба арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу на кірмашовым пляцы ў Заслаўі 4 чэрвеня.

Судзьдзя Менскага раёну Зьміцер Грыцэль сёньня вымушаны быў адкласьці разгляд гэтае справы. І ў яго, і ў абаронцаў абвінавачваных мелася шмат пытаньняў да кіраўніцтва мясцовага ГАУС, без адказаў на якія немагчыма вынесьці прысуд.

Што ж адбылося 4 чэрвеня ў Заслаўі?

У той дзень Юрась Зянковіч, Сяргей Абакунчык і Алег Скарабагатаў зь бел-чырвона-белымі павязкамі на рукавох і мэгафонам у руках пачалі абход двароў на вуліцы Савецкай. Яны заклікалі жыхароў зьбірацца на кірмашовым пляцы дзеля сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускага Народнага Фронту.

Народнафронтаўцаў затрымалі міліцыянты, што расцанілі гэтыя дзеяньні апазыцыянэраў спробаю зарганізаваць недазволены мітынг. Бо напярэдадні старшыня гарадзкога выканкаму спадар Сітнік забараніў Юрасю Зянковічу, як лідэру суполкі, праводзіць такую акцыю ў Заслаўі. У выніку на маладых хлопцаў у пастарунку былі складзеныя міліцэйскія пратаколы, а дакумэнты адпраўленыя ў раённы суд.

Гэтую гісторыю распавёў адзіны дапытаны сёньня на працэсе сябра БНФ, расеец паводле нацыянальнасьці Алег Скарабагатаў. Адзіны, бо Юрась Зянковіч і Сяргей Абакунчык не пагадзіліся даваць паказаньні на расейскай мове. Яны паабяцалі судзьдзі на наступнае паседжаньне прывесьці перакладніка, якога, як высьветлілася, суд Менскага раёну ў штаце ня мае.

Вось што сказаў Юрась Зянковіч:

"Не я хадайнічыў пра перакладніка – судзьдзя вырашыў, што яму патрэбны перакладнік, што ён не разумее дзяржаўнае мовы Рэспублікі Беларусь. Тым больш, беларукай моваю я валодаю лепей за расейскую".

Юрась Зянковіч падкрэсьліў, што ён не разумее пазыцыю заслаўскіх уладаў і міліцыянтаў, якія ня могуць адрозьніць сустрэчу з жыхарамі ад мітынгу. Таму, зазначыў ён, у Заслаўі і адбыўся юрыдычны прэцэдэнт, бо менскія раённыя ўлады раней далі дазвол на падобныя сустрэчы ў Прылуках, Кунцаўшчыне , Ратамцы, Навінках, Бараўлянах, Гатаве й Калодзішчах, дзе акцыі адбыліся без эксцэсаў. А ў Навінках міліцыянты нават дапамагалі сябрам БНФ ахоўваць парадак.

Грамадзкая абаронца ад праваабарончай арганізацыі "Вясна" Леанарда Мухіна пад час працэсу заўважыла, што пратаколы на затрыманых у Заслаўі аформлены неналежным чынам.

Паводле рашэньня суду, наступнае паседжаньне адбудзецца 17 ліпеня. На яго будуць запрошаныя ў якасьці сьведкаў заслаўскія міліцыянты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG