Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У штаб-кватэры БНФ адбылася прэсавая канфэрэнцыя па выніках візыту ў Бэрлін аб'яднанае дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і кіраўнікоў некаторых партыяў.

Па сутнасьці, у Берліне пабывалі дзьве асобныя дэлегацыі. Адна ад дэмакратычнай апазыцыі; другая (у складзе Посахава, Красуцкага і Якубовіча) – ад афіцыйнага Менску. Паводле намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Цярэні, афіцыйныя асобы рабілі ўсё, каб адхіліць гутарку ад канструктыўнага рэчышча. Сяргей Посахаў, напрыклад, паводле Генадзя Цярэні, увесь час імкнуўся ўставіць, што: "…гэтыя апазыцыянэры нікога не прадстаўляюць, а ўсе беларускія партыі ўвогуле карлікавыя і няжыцьцяздольныя". У сваю чаргу, каманду Посахава вельмі цікавіла, якім чынам нямецкія ўлады рэагуюць на масавыя шэсьці і якім чынам адбываецца скарыстаньне сілы.

Аляксандар Дабравольскі зазначыў, што, калі з заходнімі калегамі аб'яднаная апазыцыя размаўляла, па сутнасьці, на агульнай мове, дык кантакты з лукашэнкавымі прадстаўнікамі былі выключаныя: "Мы проста іх не разумелі", – сказаў спадар Дабравольскі.

Нешта аналягічнае ўрэшце адчулі й дэпутаты Бундэстагу. Паводле вынікаў сустрэчы зь некаторымі заканадаўцамі Посахаў зазначыў: "Зь вялікім расчараваньнем убачыў, што некаторая частка дэпутатаў паддалася намовам беларускай апазыцыі".

Тым часам прадстаўнікі аб'яднанае дэлегацыі візытам засталіся задаволеныя. У Нямеччыне вялікі эфэкт выклікалі зьвесткі пра фактычную кансалідацыю дэмакратычных сілаў Беларусі. Пра гэта сьведчыць і тое, што, паводле вынікаў перамоваў з апазыцыяй, Бундэстаг накіраваў ліст на адрэсу Аляксандра Лукашэнкі, у якім дэпутаты шкадуюць, што з-за працяглага ўзаемнага неразуменьня й недаверу кантакты Нямеччыны зь Беларусьсю згортваюцца.

Асаблівая занепакоенасьць была выказаная ў адносінах да маючых адбыцца парлямэнцкіх ды прэзыдэнцкіх выбараў. Адзін факт адхіленьня ад удзелу ў выбарах Чыгіра, Статкевіча ды Шчукіна сьведчыць пра тое, што пра нейкую ступень дэмакратычнасьці казаць цяжка. Паводле аналітыкаў "Дрэздэнбанку", інвэстыцыі ў беларускую эканоміку больш ня маюць сэнсу.

Якой можа быць рэакцыя ўладаў на ліст дэпутатаў Бундэстагу? Вось што кажа з гэтае нагоды Вінцук Вячорка…

(Вячорка: ) "У краіне са слабой грамадзянскай супольнасьцю, са слабой апорай грамадзтва на незалежніцкія каштоўнасьць, на каштоўнасьць Беларусі як сувэрэннай эўрапейскай дзяржавы, увядзеньне прызэдэнцтва магло прывесьці зь вялікай верагоднасьцю і, на жаль, прывяло да ўзьнікненьня аўтарытарнай зь пераходам у таталітарную ўлады".

Думку старшыні партыі БНФ "Адраджэньне" падзяляе намесьнік Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) "Мы зараз вымушаныя прызнаць сваю памылку. Мы тады лічылі, што Беларусь разьвіваецца марудна і няправільна, бо кіраўніцтва Кебіча ёй не дазваляе. Гэта была праўда. Але й была яшчэ больш важкая праўда, якой мы тады не разумелі, – што людзі, якія наогул ня маюць ніякага вопыту кіраваньня краінай і ўяўленьня, што з гэтай краінай рабіць, могуць быць значна больш небясьпечнымі".

Гэта было меркаваньне Аляксандра Дабравольскага.

Напрыканцы прэсавае канфэрэнцыі спадар Вячорка дадаў, што супольная тактыка апазыцыйных сілаў пад час восеньскіх выбараў будзе выпрацаваная ў сярэдзіне жніўня.

XS
SM
MD
LG