Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У Менску гэтымі днямі знаходзяцца сто літаратараў з сарака трох краінаў сьвету – удзельнікі міжнароднага праекту «Літаратурны экспрэс Эўропа 2000». 9 ліпеня пад час прывітальнай цырымоніі ў Палацы Рэспублікі меў месца інцыдэнт, які непрыемна ўразіў многіх пісьменьнікаў. У сваім выступе ў палацы кіраўнік праекту нямецкі літаратуразнаўца Томас Вулфарт казаў пра вялікую ролю Васіля Быкава. Аднак у перакладзе гэтага выступу на расейскую мову імя Васіля Быкава не прагучала.

Інцыдэнт зь недарэчным цi наўмысным перакладам уразіў многіх пісьменьнікаў, якія прысутнічалі на вечарыне ў Палацы Рэспублікі. Аўтар iдэi Лiтаратурнага экспрэсу i кiраўнiк праекту лiтаратуразнаўца Томас Вулфарт у сваім выступе казаў пра тое, што ў Эўропе, на жаль, слаба ведаюць сучасную беларускую лiтаратуру, але добра ведаюць i цэняць Васiля Быкава. Але ў перакладзе iмя Быкава чамусьцi не прагучала.

Менавiта таму празь некалькi гадзiнаў пад час тэатралiзаванага сьвята ў Вязынцы вядомы латыскi паэт Морыс Чаклайс публiчна выказаў абурэньне гэтым фактам i нават прачытаў свой славуты верш, якi ў свой час быў прысьвечаны Пабла Нэрудзе, але ўжо з новым прысьвячэньнем – Васiлю Быкаву.

У гутарцы з карэспандэнтам «Радыё Свабода» Марыс Чаклайс паведаміў: «Нам было вельмi балюча, калi не прагучала iмя Васiля Быкава. Уся адукаваная Эўропа ведае, што адбываецца ў Беларусi і што адбываецца з Быкавым. Я асабiста знаёмы з Васiлём Уладзiмеравiчам. Гэта вялiкая асоба ня толькi для вашай краіны. Я ня ведаю, хто лепш за яго пiсаў пра Другую ўсясьветную вайну».

У тым, што перакладніца не назвала iмя Быкава, Марыс Чаклайс убачыў не лiнгвiстычную памылку, а пэўную тэндэнцыю. Ён заўважыў, што Латвія сама прайшла праз такiя гады, i ён лічыць сваім абавязкам публiчна сказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусi зь вялiкiм пiсьменьнiкам.

Кiраўнiк Лiтаратурнага экспрэсу «Эўропа-2000» Томас Вулфарт таксама выказаў заклапочанасьць лёсам Васiля Быкава: «Тысячы беларусаў у Нямеччыне ведаць i любяць Быкава. Цяпер пiсьменьнiк жыве ў Нямеччыне. Я асабiста шмат разоў сустракаўся зь iм. На мой погляд, было б лепш, калi б Быкаў жыў i працаваў на Радзiме».

Чаму памылiлася перакладніца? Паэтка Раiса Баравiкова, якая прысутнiчала пад час выступу Томаса Вулфарта, лiчыць, што гэта была выпадковасьць i ненаўмысная недакладнасьць. Але ў многіх удзельнiкаў лiт-экспрэсу iншы пункт гледжаннья.

Сёньня эўрапейскiя лiтаратары правялі шэраг сустрэчаў зь лiтаратурнай грамадзкасьцю Беларусi ў менскiх бiблiятэках. А ўвечары ў Доме лiтаратара адбылася сустрэча зь беларускiмi пiсьменьнікамi й кнiгавыдаўцамi.

У аўторак літаратары накiруюцца празь Берасьце ў Варшаву. А 15 лiпеня адбудзецца ўрачысты фiнал акцыі ў Берлiне, дзе ўдзельнiкаў лiт-экспрэсу будзе вiтаць нямецкi прэзыдэнт Ёганэс Рау.

Амаль ва ўсiх краiнах, куды заяжджалi лiтаратары, iх сустракалi на афiцыйным узроўнi асобы высокага рангу, прэзыдэнты цi прэм'еры. Напрыклад, у Летуве – Валдас Адамкус. У Беларусi з афiцыйнага боку эўрапейскіх пісьменьнікаў вiтаў намесьнiк старшынi Менскага гарадзкога выканкаму, кiраўнiк Камунiстычнай партыi Беларусi Вiктар Чыкiн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG