Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Алена Радкевіч

Значэньне прынятай рэзалюцыі мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоля Лябедзьку, які ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

(Карэспандэнт: ) "Ці можна лічыць, што цяпер больш канкрэтызаваны, прынамсі, адказ на пытаньне, ці будуць пасланыя міжнародныя назіральнікі на парлямэнцкія выбары ў Беларусь?"

(Лябедзька: ) "Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ўдзельнічае ў фармуляваньні адносінаў міжнароднай супольнасьці да сытуацыі ў Беларусі, і натуральна, што яе голас таксама гучыць вельмі моцна. У гэтым кантэксьце добра, што ПА АБСЭ даволі выразна сказала, што неабходна выкананьне чатырох умоваў, якія сфармуляваныя міжнароднай супольнасьцю, і пасьля гэтага можа быць адкрыты доступ да прыезду міжнародных назіральнікаў. Разам з тым сам дух, канцэпцыя гэтага дакумэнта ня ў тым, каб вельмі жорстка сказаць не, а наадварот адчыняюцца дзьверы для Лукашэнкі, і ён мае магчымасьць зрабіць пэўныя высновы і зрабіць так, каб Беларусь на самай справе зрабіла рэальны крок да рэальных, справядлівых выбараў. Фактычна беларускі чырвоны дом рукамі расейскай дэлегацыі хацеў задушыць беларускую рэзалюцыю, і ў сваіх выступах прадстаўнікі Расеі, і Мізуліна, і Жырыноўскі катэгарчына выступалі супраць прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, чаму ўзьнікла пытаньне пра ўключэньне прадстаўніка ад Расеі ў групу АБСЭ ў справах Беларусі?"

(Лябедзька: ) "Пакуль гэта кулюарная вэрсія. На сёньняшні дзень наконт складу ў нас ёсьць дамова з ужо абраным старшынём Парлямэнцкай Асамблеі Адрыянам Севярынам, што яны будуць з намі праводзіць кансультацыі аб канфігурацыі рабочай групы ў справах Беларусі. І сам спадар Севярын запэўніў мяне, што ён хацеў бы застацца і кіраваць групай прыкладна да кастрычніка, каб давесьці справу да нейкага лягічнага завяршэньня. І магчыма, што будзе замена толькі аднаго прадстаўніка, Кюленена з Фінляндыі, які ўзначаліў групу па Малдове. І я думаю… Калі прыйдзе прадстаўнік Расеі, дык гэта будзе магчыма толькі тады, калі там будзе прадстаўнік Кангрэсу ЗША. Такі наш падыход, каб гэта было ўраўнаважана. Расея вельмі заангажаваная на Лукашэнку і гэта паказала пад час працы сэсіі АБСЭ".

(Карэспандэнт: ) "А хто наогул выступіў з такой прапановай, нават у кулюарах, наконт увядзеньня расейскага прадстаўніка ў групу па Беларусі?"

(Лябедзька: ) "Я думаю, што ініцыятарамі гэтага зьяўляюцца самі прадстаўнікі Расеі".

(Карэспандэнт: ) "Ну вось Адрыяна Севярына цяпер абралі на старшыню Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Чаго беларускім дэмакратычным сілам можна чакаць ад гэтага абраньня? З аднаго боку, здавалася б, у спадара Севярына зьявіліся большыя магчымасьці для ўплыву на сытуацыю ў Беларусі, з другога, ён будзе нашмат больш заняты і, натуральна, часу на гэта ў яго застанецца менш".

(Лябедзька: ) "Мы ўсьцешаныя такім рашэньнем, нашая дэлегацыя яго падтрымлівала. Справа ў тым, што Севярын вельмі вопытны дыплямат зь вялікім міжнародным аўтарытэтам, і ён вельмі добра валодае сёньня беларускай сытуацыяй. У яго было некалькі прыездаў, ён вывучаў нашую сытуацыю і натуральна, што на сёньня лепшай кандыдатуры, на мой погляд, нават і не існуе сярод тых, хто прэтэндаваў на гэтую пасаду. Па-другое, у яго цяпер могуць быць разьвязаныя рукі, таму што яго статус дае магчымасьць не азірацца на падыходы тых ці іншых дэлегацыяў у Парлямэнцкай Асамблеі. Ён ужо вырашыў сваю асабістую задачу – ён стаў прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі. Я думаю, што гэта эўрапеец, чалавек дэмакратычных поглядаў, які мае ў сваёй біяграфіі тое, што адносіцца да сёньняшняй гісторыі Беларусі, і гэта таксама станоўчы момант".

Гутарыла

XS
SM
MD
LG