Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Бухарэст

Рэзалюцыя ў справе Беларусі была сёньня амаль адзінагалосна прынятая на 9-й сэсіі парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Бухарэсьце. Супраць галасавалі расейская дэлегацыя, прадстаўнікі Ўзбэкістану, адзін прадстаўнік Украіны, адзін дэлегат ад Чэхіі ўстрымаўся. Рэзалюцыя пакліканая прымусіць беларускія ўлады распачаць перамовы а не дыялёг з апазыцыяй і ўсталяваць у краіне дэмакратычныя нормы.

Падчас нядзельных дэбатаў у Палітычным камітэце АБСЭ беларускай дэлегацыі пры падтрымцы Злучаных Штатаў Амэрыкі, Малдовы, Польшчы, Швэцыі, Швэйцарыі, Літвы ды іншых краінаў удалося зафіксаваць у рэзалюцыі ў справе Беларусі наступныя моманты.

Гаварыць пра ўдзел апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах можна пры выкананьні ўмоваў: наяўнасьць заканадаўства пра выбары, якое адпавядае эўрапейскім дэмакратычным нормам; доступ апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі, перадусім, электронных; стварэньне атмасфэры даверу; вядзеньне перамоваў паміж апазыцыяй і ўладамі ў Беларусі; спыненьне перасьледу апазыцыйных лідэраў. Беларускія ўлады настойліва заклікаюцца даць шырокую інфармацыю пра зьніклых палітыкаў.

Амэрыканская дэлегацыя, ачольваная кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам, ініцыянавала і правяла папраўку пра тое, што да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі можна ставіцца з даверам толькі пры ўмове выкананьня патрабаваньняў АБСЭ.

На баку беларускіх уладаў выступілі дэлегаты Расеі і прадстаўнікі Ўзбэкістану. Пра наяўнасьць дэмакратыі ў Беларусі гаварыў і дэпутат Шпілеўскі, які ў форуме ўдзельнічае, як дэлегат ад СНД. Нагадаю, што менавіта Шпілеўскі выступаў за закрыцьцё місіі кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Дадам, што на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ штодня прысутнічалі прадстаўнікі беларускай амбасады ў Румыніі на чале з Анатолем Бутэвічам.

Старшынём Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ сёньня абраны Адрыян Севярын, кіраўнікі групы ў справе Беларусі. Ён быў адзіным кандыдатам, бо напярэдадні галасаваньня кандыдат ад Францыі Мішэль Вазан зьняў сваю кандыдатуру. У сваім выступе Адрыян Севярын адзначыў, што працу і ўплыў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ трэба зрабіць яшчэ больш эфэктыўнымі і падкрэсьліў, што ўпершыню гэтую арганізацыю ачоліў прадстаўнікі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

XS
SM
MD
LG