Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 8 ліпеня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася выстава твораў Марка Шагала "Прысьвячэньне Парыжу". На ёй прадстаўленыя эскізы росьпісаў парыскай Опэры, у якіх Шагал адлюстраваў улюбёныя куткі сталіцы эўрапейскай культуры, а таксама габэлены францускае мастачкі Івэт-Какій Прэнс, вытканыя паводле карцінаў нашага славутага земляка, і творы з прыватных збораў шагалавых унучак – Бэлы й Мэрэт Мэер. Выстава будзе доўжыцца да канцу лета.

На Беласточчыне, у Гайнаўцы, прайшоў ХІХ міжнародны фэстываль царкоўнае песьні, у якім бралі ўдзел больш за 30 вакальных гуртоў зь 15 краінаў сьвету. Дыплём І ступені фэстывалю атрымаў хор студэнтаў Менскае духоўнае сэмінарыі, якім кіруе манах Жыровіцкага манастыру Андрэй Скробат.

Народны фотаклюб "Менск" наладзіў чацьвертую за 16 гадоў існаваньня выставу сваіх сябраў, якая традыцыйна мае назву "Мой горад". Лепшыя з твораў, што экспануюцца ў Музэі сучаснага мастацтва, будуць надрукаваныя ў фотаальбоме пра нашу сталіцу.

Пры Саюзе палякаў Беларусі створаны Клюб паляністаў на чале з выкладчыцаю польскае мовы БДУ Інэсай Кур'ян. Палову сябраў клюбу складаюць беларусы – перакладнікі й літаратуразнаўцы; дакумэнтацыя вядзецца на беларускай мове. Сярод праектаў клюбу – выданьне часопіса ўзаемных беларуска-польскіх перакладаў, які ўжо атрымаў назву "Тлумачэньні".

У швайцарскім горадзе Салятурне пачаўся Х міжнародны опэрны фэстываль. Аснову ягонае праграмы складаюць спэктаклі Нацыянальнага тэатра опэры Беларусі – "Сэвільскі цырульнік", "Кармэн", "Травіята", "Набука", а таксама "Дон Жуан" і "Турандот" (дзьве апошнія зь пералічаных – опэры, прэм'еры якіх нядаўна адбыліся ў Менску, былі пастаўленыя адмыслова на замову спонсараў гэтага фэстывалю). Паралельна ў Салятурне праходзіць выстава беларускіх мастакоў з калекцыі прэзыдэнта фэстывалю Дзіна Арычы.

"Француска-беларускі ілюстраваны слоўнік" – такую назву мае авангардовая выстава трох беларускіх і пяцёх францускіх мастакоў, што адчынілася ў Доме дружбы. Мастакі стварылі прадметныя ілюстрацыі ў жанрах графіці, каляжу, відэаінсталяцыі да словаў, якія маюць падобныя гучаньне й сэнс у францускай і беларускай мовах – напрыклад, "пляж", "мур". "бігудзі" (дарэчы, бігудзі ўвасабляюць скручаныя ў трубачку беларускія грошы). Беларускія ўдзельнікі выставы Андрэй Савіч, Валерыя Маляўкіна й Зьміцер Махамэт ужо рабілі год таму падобную акцыю зь нямецкімі й беларускімі словамі ў Нямецкім адукацыйным цэнтры.

У клюбе "Тунэль" пры падтрымцы Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД прайшоў фэстываль "За здаровы сэкс", у якім узялі ўдзел музычныя гурты "Грэшныя душы", "Цудаплян", "Змрочныя твары", "Мутанты" й "Лэд & Фройд". Усе гледачы атрымалі ў якасьці сувэніра прэзэрватывы, якімі быў аздоблены вядомы сваёй экстравагантнасьцяй клюб. Некалькі тыдняў таму ў "Тунэлі" адчынілася новая мастацкая галярэя "І" (названая паводле ініцыялу куратаркі Інэсы Рэут). Для тых, хто прыйшоў на вэрнісаж у адной бялізьне, уваход быў бясплатны.

XS
SM
MD
LG