Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава твораў Марка Шагала "Прысьвячэньне Парыжу". Акрамя ўсясьветна вядомага макету пляфона парыскай Опэры, у экспазыцю ўключаны літаграфіі з выявамі Парыжу і эскізы да пляфона, якія дэманструюцца ўпершыню.

Унучкі вялікага Шагала Бэла й Мэрэт Мэеры падкрэсьліваюць унікальнасьць сёньняшняе падзеі. Творы, выстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музэі, упершыню прывезеныя ў Беларусь. Усе экспанаты – з прыватных калекцыяў нашчадкаў Марка Шагала. Эскізы да пляфона парыскай Опэры дэманструюцца ўпершыню.

(Мэрэт Мэер: ) "І вось сёньня мы адкрываем новую выставу, якая прысьвечаная ўваходжаньню ў наступнае тысячагодзьдзе. Гэтая выстава зьяўляецца для нас асабліваю, таму што тут дэманструецца манумэнтальная творчасьць, перад усім архітэктура. Усё прадстаўленае тут увасобілася ў стварэньнні вядомага твору – макету пляфона парыскай Опэры".

На столі парыскай Опэры вобразы з рэпэртуару ўсясьветна вядомых кампазытараў зьмяняюцца традыцыйнымі для Шагала пэрсанажамі – роднымі, "віцебскімі" – восьлікамі, пеўнікамі й козачкамі. Макет пляфону, які, паводле словаў унучкі Мэрэт, зьяўляецца кульмінацыяй прызнаньня ў любові да Парыжу, у эскпазыцыі выставы дапаўняецца дваццацьцю літаграфіямі:

(Мэрэт Мэер: ) "Гэтыя літаграфіі прысьвечаныя Парыжу. Шагал напісаў гэтыя работы пасьля таго, як другім разам вярнуўся ў свой родны горад".

Пасьля эміграцыі з Савецкага Саюзу Францыя стала для Шагала сапраўдным домам, абжытым і блізкім сэрцу кутком. "Парыж, ты мой другі Віцебск", – усклікваў вялікі мастак. Сёньня частка "другога Віцебску" прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі.

За савецкім часам на імя Марка Шагала было накладзена табу. Мабыць, справядлівым пакараньнем за гэта зьяўляецца тое, што на гістарычнай радзіме дагэтуль няма аніводнага арыгіналу твораў жывапісу Марка Шагала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG