Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 6 ліпеня)
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў прысуд жыхару Рэчыцы Валянціну Гулаю, які быў пакараны годам умоўнага зьняволеньня за адмову пайсьці на вайсковую службу. Беларускі Гэльсынкі камітэт з гэтае нагоды разаслаў лісты пратэсту да кіраўнікоў Вярхоўнага суду, прагуратуры й "Нацыянальнага сходу".

У канцылярыі Вярхоўнага суду Беларусі пацьвердзілі, што калегія адхіліла касацыйную скаргу Валянціна Гулая. Такім чынам, вынесены Гулаю Гомельскім абласным судом прысуд застаецца бязь зьменаў.

Валянцін Гулай, 21-гадовы жыхар Рэчыцы, які паводле рэлігійных перакананьняў адмовіўся йсьці служыць у войска, цяпер ужо і Вярхоўным судом прызнаны вінаватым, і пакараньне яму ў выглядзе ўмоўнага зьняволеньня на працягу года дзейнічае і надалей.

За адмову йсьці ў войска сябра рэлігійнай арганізацыі "Сьведкі Еговы" Валянцін Гулай быў зарыштаваны сёлета 23 лютага, у афіцыйны Дзень абаронцы Айчыны. Але юнак не адмаўляўся ад абароны Бацькаўшчыны, ён толькі не хацеў служыць са зброяй у руках, бо гэта забараняе ягоная рэлігія, але пагаджаўся на альтэрнатыўную службу. Аднак гэткае службы ў Беларусі пакуль не йснуе, і суды, спачатку Рэчыцкі, потым абласны Гомельскі, а вось цяпер і Вярхоўны – палічылі, што хлопец варты пакараньня.

Хаця пасьля двух месяцаў зьняволеньня Гулая выпусьцілі з-за кратаў, але ён быў прызнаны вінаватым за тое, што дамагаўся дэкляраваных у Канстытуцыі правоў. Як патлумачыць гэтую сытуацыю?

Юрыст з Гэльсынскага камітэту Алег Гулак лічыць, што выпадак з Валянцінам Гулаям і яшчэ некалькімі грамадзянамі, таксама асуджанымі паводле 77-га артукулу Крымінальнага кодэксу, сьведчыць пра яўнае парушэньне беларускімі ўладамі правоў грамадзянаў. Прадстаўнік БГК спасылаецца на 33-ці й 57-мы артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць: першы – свабоду перакананьняў, другі – магчымасьць несьці альтэрнатыўную службу ў абароне Айчыны. Цяпер жа атрымліваецца, што за незабесьпячэньне гэтых правоў адпаведнымі законамі адказнасьць павінныя несьці такія, як Валянцін Гулай.

Выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсынскага камітэту Алег Гулак паведаміў, што БГК ўжо адрэагаваў на рашэньне Вярхоўнага суда лістамі на адрэсу кіраўніцтва лукашэнкавага "парлямэнту", Вярхоўнага суда й пракуратуры. Праваабаронцы заклікаюць прадстаўнікоў улады перагледзець сваё рашэньне адносна Валянціна Гулая, а прадстаўнікам заканадаўчае галіны прапанавана неадкладна прывесьці заканадаўства Беларусі ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй і міжнароднымі забавязаньнямі.

Таксама пра рашэньне адносна Валянціна Гулая паінфармаваныя кіраўнік назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG