Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску было падпісана беларуска-ўкраінскае міжурадавае пагадненьне "Аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджваньня надзвычайных сытуацыяў і ліквідацыі іхных наступстваў". Яно не прадугледжвае выплату Ўкраінаю кампэнсацыяў Беларусі за панесеныя страты ў выніку Чарнобыльскае катастрофы.

Міжурадавае пагадненьне падпісалі сёньня міністар у справах надзвычайных сытуацыяў Беларусі Валеры Астапаў і ягоны ўкраінскі калега Васіль Дурдзінец. Цырымонія падпісаньня праходзіла на тэрыторыі дзіцячага аздараўляльнага цэнтру ў Ждановічах.

Пагадненьне прадугледжвае ўзаемадзеяньне бакоў у прагназаваньні й прадухіленьні надзвычайных сытуацыяў, аказаньні адзін адному рознага роду дапамогі й гэтак далей. Паводле словаў беларускага і ўкраінскага міністраў, такое ўзаемадзеяньне існавала й раней, але цяпер пад супрацоўніцтва падведзены праўны падмурак.

Журналістаў жа найперш цікавіла, ці абмяркоўваліся пад час візыту Васіля Дурдзінца пытаньні матэрыяльнае кампэнсацыі з боку Ўкраіны пацярпелым ад радыяцыі беларускім тэрыторыям і грамадзянам. Тым больш, што надоечы ўрад ЗША выдаткаваў Украіне 398 мільёнаў даляраў на закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС…

Вось што адказаў украінскі міністар Васіль Дурдзінец:

"Што тычыцца амэрыканскае дапамогі й ня толькі, ды іншых краінаў вялікай "сямёркі" – размова йдзе пра ўклад гэтых краінаў у фонд узьвядзеньня саркафагу. Таму ні пра якую кампэнсацыю размовы быць ня можа", – паведаміў спадар Дурдзінец.

А вось меркаваньне беларускага міністра Валерыя Астапава:

"Вы кажаце пра кампэнсацыю – як такой яе не йснуе. Ёсьць дапамога, якую аказваюць грамадзкія арганізацыі, мэцэнаты Эўропы ды іншых краінаў. З самага пачатку, пасьля трагедыі яна была мізэрнаю, хаця як кажуць, доранаму каню ў зубы не глядзяць".

Гэта было меркаваньне міністра ў справах надзвычайных сытуацыяў Беларусі Валера Астапава.

Украінскі міністар казаў, што дзеля поўнага закрыцьця Чарнобыльскай АЭС і ўладкаваньня на іншым месцы людзей, што на ёй працуюць, ягонай краіне патрэбна 768 мільёнаў даляраў.

Спадары Дурдзінец і Астапаў, а таксама старшыня камітэту ў праблеме Чарнобылю Іван Кенік казалі, што дзеля атрыманьня грошай на ліквідацыю наступстваў Чарнобылю і Ўкраіне, і Беларусі трэба больш актыўна нагадваць пра гэтую праблему ў Эўропе і Амэрыцы. Бо, маўляў, нашыя краіны бедныя і самі з такой вялікай трагедыяй не справяцца.

XS
SM
MD
LG