Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Галіна Прыгара, Прага

(эфір 8 ліпеня)
Скасаваньне гандлёвых перавагаў з боку ЗША для Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць Тадэўша Контака, прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, каардынатара ў працоўных справах што да новых незалежных краінаў.

У 90-м годзе з распадам Савецкага Саюзу Злучаныя Штаты Амэрыкі далучылі ўсе новыя незалежныя дзяржавы да сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў. Але галоўнае патрабаваньне ЗША да ўрадаў новых краінаў было выкананьне дэмакратыі і асноўных правоў чалавека, у тым ліку, працоўнага права..

Гэтыя гандлёвыя перавагі выглядалі як ільгота для новых краінаў. Фактычна, урад ЗША дараваў ім свае грошы, не беручы мыты за экспарт тавараў, але патрабаваў за гэта выкананьня асноўных прынцыпаў дэмакратыі.

Гэтыя прівілеі сёньня існуюць у адносінах ЗША з большасьцю краінаў, якія разьвіваюцца.

У Тадэўша Контака мы запыталіся найперш, ці пазбаўленьне гандлёвых прывілеяў ёсьць санкцыі супраць Беларусі, ці гэта эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

(Контак: ) "Зразумела, што гэта пакараньне для ўладаў сёньняшняй Беларусі, таму што гандлёвыя прывілеі даюцца менавіта ўраду нейкай краіны. Санкцыі супраць Беларусі сталі вынікам урадавай палітыкі, якая тармазіла разьвіцьцё незалежных прафсаюзаў. Гэта быў даволі доўгі працэс, які пачаўся у мінулым годзе І мы ня ўбычылі за гэты час істотнага прагрэсу. Асабліва з сытуацыяй вакол Свабодных прафсаюзаў. Так што пазбаўленьне перавагаў не сталася нечаканасьцю".

Такім чынам, невыкананьне асноўных прынцыпаў дэмакратыі проста паставіла беларускія ўлады на ўзровень звычайных гандлёвых адносінаў са Злучанымі Штатамі, без усялякіх прывілеяў. Беларускія прадпрыемствы, зусім магчыма, ня здолеюць пачуваць сябе канкурэнтнымі ў гэтых умовах, што ў сваю чаргу паўплывае на агульнаэканамічную сытуацыю ў краіне. Вось як лічыць прадстаўнік Дзярждэпартаманту ЗША..

(Контак: ) "Зразумела, што мы таксама незадаволеныя пазбаўленьнем Беларусі гандлёвых прывілеяў, незадаволеныя сытуацыяй ня толькі ўлады ЗША, а таксама і Эўрапейскі Зьвяз, і Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі ды іншыя арганізацыі. Зразумела мы незадаволеныя, што вымушаныя засьведчыць працяг перасьледу ўладамі Беларусі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Нядаўна Кангрэс беларускіх незалежных прафсаюзаў заклікаў міжнародныя арганізацыі аказаць ціск на ўлады Беларусі ў сувязі с парушэньнем правоў чалавека і міжнародных нормаў у галіне працоўнага права. Гандлёвыя прывілеі не зьвязаныя канкрэтна ні з адным з названых парушэньнеў, але усё гэта разам прывяло да таго, што Амэрыканская Фэрэрацыя Прафсаюзаў заклікала ўрад ЗША ліквідаваць гэтыя гандлёвыя перавагі за парушэньня правоў прафсаюзаў, якое працягваецца, дарэчы, і сёньня…"

У тым выпадку, калі ў Беларусі будзе дадзеная поўная свабода незалежным прафсаюзным арганізацыям, ці могуць быць адноўленыя гандлёвыя прэфэрэнцыі? Спадар Контак, у сваім адказе ня выказаў асаблівага аптымізму:

(Контак: ) "Пытаньне гэтае разглядалася не за адзін дзень і не на адной сустрэчы. Пытаньне не ў адным нейкім парушэньні. Яно ў тым, як працуе ў Беларусі дзяржаўная сыстэма. Мы ведаем пра шэраг скаргаў на тое, што незалежныя прафсаюзы не рэгістраваліся, напрыклад. Усё гэта ўжо доўгатэрміновая праблема, і я ня думаю, што нейкі адзін дзень альбо нейкая адна падзея можа вырашыць яе. Гэта ўсё зьвязана з агульнай сытуацыяй з парушэньнем правоў чалавека, увогуле з падвышэньнем дэмакратычных стандартаў, а ня толькі з парушэньнем правоў прафсаюзаў. Прафсаюзы – толькі адзін прыклад…"

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG