Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Гэтым днём 7 ліпеня (а паводле "старога стылю" – 26 чэрвеня) 1882 году ў фальварку Вязынка, што на Маладэчаншчыне, нарадзіўся Янка Купала. І сёньня ў Менску ля помніка вялікаму песьняру й прароку нацыянальнага адраджэньня адбылася ўшанавальная імпрэза.

Пашанотныя імпрэзы ў сталічным парку імя Янкі Купалы праводзяцца ў дзень народзінаў паэта ад 1972 году, калі тут паўстаў велічны бронзавы помнік песьняру. Паэтычна-музычныя паводле формы ды нацыянальна-адраджэнцкія ў зьмесьце, яны набылі шырокую вядомасьць ды прыцягальнасьць у сярэдзіне 80-х, паступова ператвараючыся ў вялікія народныя сьвяты.

Сёньняшняя імпрэза адрозьнівалася ад мінулагодніх выразнай скіраванасьцю на дзіцячую аўдыторыю. Юныя слухачы і складалі бальшыню ўдзельнікаў сьвята, а сярод выступоўцаў пераважалі паэты, якія шмат пішуць для дзяцей. Паэты сталага веку добра вядомыя сваімі творамі для малых і падлеткаў. Іх слухалі як старых знаёмых. А вось выступ маладога паэта Зьміцера Вішнёва, які мае ўстойлівую рэпутацыю нетрадыцыйнага авангардовага творцы, стаўся зусім нечаканым. Адзін з клясычных дзіцячых вершаў з вуснаў парушальніка творчага спакою гучыць так:

А вы чулі пра бегемота Пашу?
Ён жыве на Белару-усі,
Ён ляжыць на круглым пу-зе,
Ён любіць манную кашу
І не хварэе ніколі,
Бо не стаіць басанож на балконе.
Кожны ранак ён чысьціць зу-бы,
Кожны ранак ён робіць зарадку,
Зрэдку малюе карці-іны з дзяўчынкай Да-ашай
Вось такі разумнік бегемот Па-аша.

Такіх вершаў у Зьміцера Вішнёва набралася ўжо на цэлую кніжку, якая хутка пабачыць сьвет у выдавецтве "Юнацтва". Гэта будзе кніжка самага маладога на сёньня дзіцячага паэта.

Дзіцячы акцэнт у праграме 118-х угодкаў Янкі Купалы пераважае і ў выставе, якая разгорнутая сёньня ў доме-музэі песьняра. Родны Менск вачыма й словамі школьнікаў сталіцы паўстае тут з малюнкаў ды пісьмовых твораў. Малюнкі падпісаныя па-беларуску лацінкавым шрыфтам, што ёсьць выразным рэвэрансам у бок удзельнікаў міжнароднага літэкспрэсу "Эўропа-2000", сустрэча зь якімі пройдзе ў музэі Янкі Купалы 10 ліпеня.

Лацінкавай графікаю Купала шмат карыстаўся і гэты акцэнт арганізатараў выставы не выбіваецца з нацыянальнае традыцыі. А вось пісьмовыя творы менскіх школьнікаў, выстаўленыя на выставе, сваім афіцыйным расейска-беларускім дзьвюхмоўем аніяк у яе не ўштукоўваюцца. Асабліва ў доме-музэі прарока нацыянальнага адраджэньня.

9 ліпеня сьвята з нагоды 118-х угодкаў вялікага песьняра пройдзе на ягонай радзіме ў Вязынцы. Пачатак а 17-й гадзіне.

XS
SM
MD
LG