Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Сяргей Навумчык

На пачатку мінулага тыдня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі, кіраўнік Сьледчага камітэту Леанід Глухоўскі заявіў, што беларускія праваахоўчыя ворганы будуць дамагацца ад брытанскіх уладаў выдачы Тамары Віньнікавай. Сяргей Навумчык патэлефанаваў у Лёндан, дзе цяпер знаходзіцца былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі, і папрасіў яе пракамэнтаваць гэтую заяву. Падаем поўны тэкст інтэрвію.

(Навумчык: ) "Спадарыня Віньнікава, скажыце, ці зьявілася для Вас нечаканасьцю вось такая заява міністра Глухоўскага?"

(Віньнікава: ) "Ну перш за ўсё хачу сказаць, што ў канцы леташняга году я сама заявіла, што я – жывая, што я знаходжуся на Захадзе, я ні ад каго не хавала свайго месцазнаходжаньня. Адразу ж, як я толькі перасекла дзяржаўную мяжу, я сказала, што калі ў праваахоўчых ворганаў ёсьць да мяне прэтэнзіі, дык у адпаведнасьці з міжнароднымі канвэнцыямі (я знаходжуся ў цывілізаванай дзяржаве, а не ў дзікунскім племені) іх трэба да мяне высунуць. Сем месяцаў праваахоўчыя ворганы маўчалі".

(Навумчык: ) "І чым Вы патлумачыце, што цяпер, праз сем месяцаў, праваахоўчыя ворганы Беларусі заявілі, што будуць дамагацца ад Брытаніі Вашай выдачы?"

(Віньнікава: ) "Я лічу, што іх цяперашняя рэакцыя – даволі нэрвовая і рэзкая, ў прыватнасьці, Глухоўскага, – выкліканая, найперш, тым, што я рыхтую дакумэнты ў Камісію супраць катаваньняў пры ААН аб ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць праваахоўчых ворганаў Рэспублікі Беларусь, якія прымянялі да мяне катаваньні. Я праводжу кансультацыі з юрыстамі з Беларусі і мяркую, што гэтыя размовы падслуханыя. І "ворганам" стала гэта вядома. Я хачу, каб гэтым спадарам хаця б адзін раз далі па руках. Я згубіла здароўе, таму што мяне катавалі. Я буду прасіць, каб была ўзбуджаная крымінальная справа і ў адпаведнасьці з міжнароднай канвэнцыяй была разгледжаная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, ў сваіх інтэрвію я заявіла, што падрыхтую матэрыялы ў праваахоўчыя ворганы, дзе назаву вінаватых у расьцягваньні ўкладаў у Адшчадбанку Рэспублікі Беларусь і ў прыхаваньні злачынстваў, якія зьдзейсьненыя службовымі асобамі. Я ў сваіх інтэрвію напісала пра дзіўную гібель Тамары Дудко і пра тое, што перад ейнай сьмерцю ёй было папярэджаньне. Гэтак жа, як і за пяць месяцаў да таго, што здарылася са мной, у газэце было надрукавана, што я памру, альбо што супраць мяне будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Гэту заяву зрабіў нейкі вядзьмак, які вяшчае то на старонках газэты "Свободные новости", то ў газэце "Рэспубліка". Адасланы артыкул у "Народную волю", дзе я выказваю сваё меркаваньне адносна зьнікненьня Захаранкі і Ганчара. Але ён не друкуецца пачынаючы з першага кварталу, але, мяркую, праваахоўчыя ворганы пра яго ведаюць, таму што Глухоўскі на сваёй прэсавай канфэрэнцыі пра гэта сказаў".

(Навумчык: ) "Спадарыня Віньнікава, калі я правільна Вас зразумеў, Вы зацікаўленыя, каб сьледзтва ў Вашай справе працягвалася?"

(Віньнікава: ) "Так, я зацікаўленая, каб сьледзтва ішло, і каб яно разабралася ва ўсіх дэталях. Мая справа была сфабрыкаваная вельмі груба. Было разьлічана на тое, што я загіну ў сьценах сьледчага ізалятару, і таму мне не дазвалялі зрабіць тэрміновую апэрацыю. Цяпер я яе зрабіла, цудоўна сябе адчуваю і здольная сябе абараняць. Каб мяне вярнулі ў Беларусь, яны павінныя падаць дакумэнты пра маю вінаватасьць. І суд Брытаніі павінен прызнаць мяне вінаватай і толькі тады б мяне выдалі беларускім праваахоўчым ворганам. Паводле тых сфабрыкававных дакумэнтаў, якія ёсьць у іх, я абвінавачваюся ў крадзяжы посуду – ну, я не лічу, што ім нешта ўдасца.

Я цяпер праводжу кансультацыі зь міжнароднымі арганізацыямі, каб мая справа была паказальная. І каб нават ў тым выпадку, калі гэта ня будзе ініцыянавана праваахоўчымі ворганамі Беларусі, – каб яны самі, з дапамогай маіх адвакатаў, зрабілі такі адкрыты працэс, і разгледзелі паводле міжнародных стандартаў гэтую справу ў Беларусі. Натуральна, прысуд ня будзе мець абавязковай сілы, але ён будзе паказальным. Ён выявіць, як працуюць праваахоўчыя ворганы, як яны фабрыкуюць справы ў інтарэсах палітыкі, у інтарэсах захаваньня ўласных пасадаў і падвышэньня па службе".

(Навумчык: ) "Ну такі працэс быў бы ўнікальным – гэта, здаецца, быў бы першы выпадак у сусьветнай юрыдычнай практыцы…"

(Віньнікава: ) "Я па тэлефоне абмяркоўваю факты абкраданьня дзяржавы. У тым ліку, цяпер рыхтуецца зьдзелка (і ў яе ўкладзеныя вельмі вялікія сумы) у справе апрацоўкі алмазаў. Гэта нанясе агромністыя страты дзяржаве і беларускаму народу. Я лічу, што праваахоўчыя ворганы пра гэта ведаюць, тым ня менш, у гэтую зьдзелку ўжо цяпер укладаюцца вялізныя дзяржаўныя сумы".

(Навумчык: ) "Спадарыня Віньнікава, у сваім першым інтэрвію сем месяцаў назад Вы заявілі, што назавеце факты карупцыі, факты ўдзелу вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі ў карупцыі. Прайшло сем месяцаў, і людзі пытаюцца, дык чаму Віньнікава не выконвае сваіх абяцаньняў?"

(Віньнікава: ) "Так, я хачу сказаць, што ёсьць мой артыкул, я яго напісала адразу ж, як толькі зрабіла такую заяву. Ён знаходзіцца ў рэдакцыі газэты "Народная воля", і "Народная воля" і не друкуе гэты матэрыял, і не вяртае яго. Мала таго – маючы гэты артыкул, "Народная воля" бярэ інтэрвію ў жонкі Захаранкі, дзе яна абвінавачвае мяне ў непрыстойнасьці. Бо заявіла, але нічога не напісала. Акрамя таго, ёсьць цэлы шэраг артыкулаў, якія мы падрыхтавалі з журналістамі, у якіх гаворыцца пра парушэньні з боку вышэйшых службовых асобаў дзяржавы, і нам не ўдаецца іх апублікаваць".

(Навумчык: ) "І чым Вы можаце патлумачыць, што незалежная прэса не друкуе Вашыя артыкулы?"

(Віньнікава: ) "Я гэта патлумачыць магу толькі адным: на вялікі жаль, ёсьць некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, якія бралі ўдзел у гэтых зьдзелках. І я, натуральна, называю іх імёны таксама. І апазыцыйная прэса, магчыма, лічыць, што нельга апазыцыйных лідэраў называць. Але я лічу, што калі апазыцыйны лідэр браў удзел у сумнеўнай зьдзелцы – ён павінен адказваць, як і іншая службовая асоба. Так што такіх артыкулаў шмат. На жаль, яны не друкуюцца".

(Навумчык: ) "Так, тое, што Вы кажаце, даволі дзіўна, але існуе Інтэрнэт, і вы маглі б зрабіць сваю вэб-старонку, ва ўсялякім выпадку, беларускі Інтэрнэт – гэта даволі шырокая вэб-прастора…"

(Віньнікава: ) "Я паспрабую скарыстаць вашую падказку. Але інфармацыю я спрабую данесьці да чытачоў на простай мове, пазьбягаючы спэцыфічных тэрмінаў, каб насельніцтву простаму было зразумела, што робіцца ў краіне. А вось простае насельніцтва ўсё ж Інтэрнэтам не карыстаецца, ім карыстаюцца заможныя людзі ці тыя, хто добра адукаваны, хто і без таго ўсё добра разумее…"

Да гутаркі з Тамарай Віньнікавай варта дадаць, што паміж Беларусьсю і Вялікай Брытаніяй не існуе дамовы аб экстрадыцыі. Гэта значыць, што калі б беларускім праваахоўчым ворганам і ўдалося даказаць віну Віньнікавай у Брытанскім судзе – яе б ня выдалі Рэспубліцы Беларусь. Выглядае, што ў апараце Міністэрства ўнутраных справаў не знайшлося нікога, хто б патлумачыў намесьніку міністра гэтую простую рэч.

XS
SM
MD
LG