Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Былы спонсар Партыі камуністаў Беларусі, а цяпер дырэктар маскоўскага тэлезаводу "Рубін" Анатоль Лашкевіч выказаўся з рэзкай крытыкаю на адрэсу менскага "Гарызонту" ды віцебскага "Віцязя". Лашкевіч абураецца, што экспансія беларускіх тэлевізараў адбываецца дзякуючы няспыннаму парушэньню мытнага ды падатковага заканадаўства.

Сваё нэгатыўнае стаўленьне да беларускіх калегаў Лашкевіч выказаў на інтэрнэтаўскім сайце вытворцаў і спажыўцоў тэле- і аўдыёпрадукцыі <http://www.hi-fi.ru/review/interv/inter18.htm>. Ускосна ён тлумачыць сваю пазыцыю тым, што з-за прыхамаці чыноўнікаў "Рубін" быў выключаны з праграмы "Саюзны тэлевізар", а беларускія вытворцы карыстаюцца мытнымі ды падатковымі ільготамі. Іншымі словамі, беларускія тэлезаводы адчуваюць сябе на расейскім рынку вальней, чым мясцовыя вытворцы.

Лашкевіч робіць выснову, чаму менавіта "Рубін" не задаволіў сумесную беларуска-расейскую экспэртавую камісію: "Бюджэтныя грошы, выдаткаваныя на праграму "Саюзны тэлевізар", былі скрадзеныя, і мы не захацелі маўчаць, як астатнія. Надоечы людзі, якія прысвоілі грошы, узначалілі расейскую агэнцыю сыстэмнага кіраваньня, падпарадкаваўшы сабе, у тым ліку, структуры радыёэлектроннае прамысловасьці. Цяпер чыноўнікі нам адпомсьцілі, выключыўшы з праграмы і пазбавіўшы фінансаваньня".

На "Гарызонце" выпады Лашкевіча ўспрынялі спакойна. Вось што кажа намесьнік дырэктара "Гарызонту" Юры Прадко:

"Калі вы жадаеце разабрацца, хто там ёсьць хто, дык Лашкевіч ёсьць генэральным дырэктарам і займаецца палітыкаю – інтэрвію дае і г.д. Што тычыцца рэальнага кіраваньня заводам, дык яго ажыцьцяўляе Міляўскі – камэрцыйны дырэктар. Ён мае грошы, рынак, сувязі, г.зн. займаецца ўсім астатнім. Тыдзень таму я сустракаўся зь Міляўскім у Маскве. Мы размаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы і, мне здаецца, выпрацавалі аптымальныя дыпляматычныя рашэньні".

Гаварыў намесьнік дырэктара "Гарызонту" Юры Прадко.

Калі сумесная праграма засталася без "Рубіна", месца лідэра ў ёй заняў менскі "Гарызонт". Але Анатоль Лашкевіч лічыць, што гэтае лідэрства цалкам умоўнае, бо "Гарызонт" робіць свой бізнэс, абыходзячы расейскія законы.

Лашкевіч кажа:

"Нашая дзяржава павінна бараніць расейскага вытворцу ад такой экспансіі. Урадавыя чыноўнікі няспынна кажуць пра дапамогу айчыннай прамысловасьці, але рэальна нічога не робяць. Калі б беларусы працавалі толькі на ўнутраны рынак, пытаньняў не ўзьнікала б. Але 90% беларускае прадукцыі рэалізуецца ў Расеі. Атрымліваецца, што мы ня толькі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы, а нават яшчэ іх і фінансуем".

Так лічыць дырэктар маскоўскага тэлезаводу "Рубін" Анатоль Лашкевіч.

Былы скарбнік беларускіх камуністаў сьцьвярджае, што "Гарызонт" і "Віцязь" калі й складаюць нейкую канкурэнцыю "Рубіну", дык толькі таму, што знаходзяцца ў штучна створаных эканамічных умовах. Маўляў, беларускае кіраўніцтва вызваліла іх ад падаткаў, мытных пошлінаў і дала ільготны курс для набыцьця валюты. Да таго ж, Беларусь працягвае бесьперашкодна парушаць мытнае і падатковае заканадаўства Расеі, пастаўляючы тавар без усялякіх падатковых адлічэньняў.

Але трыюмфальнае шэсьце павінна хутка скончыцца. Паводле Лашкевіча, беларускія вытворцы трапілі ў замкнёнае кола, якое самі й стварылі. Імкнучыся зьнізіць сабекошт, заводы перасталі купляць добрыя камплектуючыя, у выніку чаго зьнізіліся якасьць і надзейнасьць вырабаў, а як сьлед, і попыт. Праўда, на "Гарызонце" на гэта адказваюць, што ў Лашкевіча разгулялася фантазія.

XS
SM
MD
LG