Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Увесь тэнісны сьвет зараз абмяркоўвае, бадай, галоўную сэнсацыю гэтага сэзону – выхад у паўфінал Ўімблдону беларуса Ўладзімера Ваўчкова. Для тых, хто мала цікавіцца спортам, заўважым, што Ўімблдон лічыцца самым прэстыжным тэнісным турнірам – яго нават называюць неафіцыйным пяршынством сьвету.

Ашаламляльны посьпех Ваўчкова – на сёньняшні момант самае вялікае дасягненьне ў гісторыі беларускага мужчынскага тэнісу. Ваўчкоў ужо паўтарыў адзін з рэкордаў Ўімблдону – упершыню з 1977 году ў паўфінал прабіўся гулец, які пачынаў свой удзел у турніры з самога нізу, празь сіта кваліфікацыйнага адбору. Учарашняй перамогаю над Байранам Блэкам зь Зімбабвэ Ўладзімер зрабіў сабе цудоўны падарунак на дзень нараджэньня – 4 ліпеня яму споўнілася 22 гады.

Чатыры гады таму Ваўчкоў ужо перамогаў на Ўімблдоне – праўда, у спаборніцтвах сярод юніёраў. Аднак пасьля той гістарычнай юніёрскай перамогі ягоная спартовая кар'ера разьвівалася няроўна, узьлёты чаргаваліся з праваламі. Тут спрычыніліся найперш аб'ектыўныя прычыны – шматлікія траўмы, з-за якіх ён не гуляў некалькі месяцаў. А калі тэнісыст не бярэ ўдзелу ў спаборніцтвах – паводле існуючых правілаў, ягоны рэйтынг няўхільна зьніжаецца. Так што да пачатку Ўімблдону Ўладзімер займаў толькі 237-е месца ва ўсясьветнай тэніснай кваліфікацыі.

І вось такі посьпех – гулец з трэцяй сотні выходзіць у паўфінал, у чацьверку лепшых, дзе будзе сустракацца зь першым нумарам гэтага турніру – легендарным Пітам Сампрасам, які днямі, дарэчы, быў прызнаны лепшым тэнісыстам стагодзьдзя. Натуральна, што Ваўчкоў цяпер у цэнтры ўвагі ўсясьветнае спартовае прэсы.

Калі я патэлефаніў у Лёндан у нумар гатэлю, дзе жыве зараз беларускі тэнісыст, слухаўку падняў ягоны бацька, Мікалай Уладзімеравіч. Ён паведаміў, што Ўладзімер зараз на прэсавай канфэрэнцыі і будзе толькі позна ўвечары. Спадар Мікалай адказаў на нашыя пытаньні пра свайго цяпер ужо славутага сына.

(Карэспандэнт: ) "Мікалай, што на Вашую думку ў характары Ўладзімера дапамагае яму станавіцца чэмпіёнам? Якія рысы характару Вы можаце вылучыць?"

(Валчкоў: ) "Працавітасьць, настойлівасьць, упартасьць. Такіх, мабыць, мала".

(Карэспандэнт: ) "Перад Сампрасам ён не баіцца? Гэта ўсё ж такі першы нумар?"

(Валчкоў: ) "Ён не такі чалавек, які можа баяцца Сампраса, Агасі ці іншага спартсмэна. Ён будзе старацца паказаць свой лепшы тэніс, і матч будзе прыгожы".

(Карэспандэнт: ) "Чатыры гады таму ён стаў чэмпіёнам сярод юніёраў, і пасьля гэтага прагрэс яго быў няроўным. Як Вы думаеце, у чым тут справа?"

(Валчкоў: ) "Хутчэй за ўсё траўмы. Можа быць, частыя зьмены трэнераў, можа, нейкія фінансавыя недахопы. Гэта спорт, а ў спорце ўсё можа быць".

(Карэспандэнт: ) "Вось Наташа Зьверава трэніруецца і жыве за мяжой. Уладзімер пакуль жыве ў Беларусі, а тут няма дастатковых умоваў для росту такіх высокапрафэсійных майстроў у тэнісе".

(Валчкоў: ) "Вы нікога ня слухайце, калі нехта кажа, што ў Беларусі ня можа вырасьці вялікіх спартсмэнаў. Усе яны вырасьлі, і Зьверава, і Мірны, да ўзроўню майстра спорту і вышэй тут, у Беларусі. У Менску харошая база. Усе яны трэніраваліся і за мяжой, і прыяжджаючы дадому, таксама трэніруюцца".

- гэтак лічыць Мікалай Ваўчкоў, бацька беларускага тэнісыста Ўладзімера Ваўчкова.

Трэба сказаць, што сам Уладзімер не нагэтулькі аптымістычны наконт умоваў падрыхтоўкі тэнісыстаў у Беларусі. У інтэрвію, якое перадрукавала ў апошнім нумары газэта "Прессбол", Ваўчкоў кажа: "Баюся, пра нейкую сыстэму падрыхтоўкі казаць цяжка… У нас няма спэцыялістаў высокага ўзроўню для падрыхтоўкі маладых талентаў. Да большасьці рэчаў даводзіцца даходзіць самому". Ваўчкоў таксама паведаміў, што трэніруецца ў Беларусі на сынтэтычным пакрыцьці, паколькі травяных кортаў у краіне проста няма.

Застаецца толькі зьдзіўляцца таленту Ўладзімера, які, негледзячы на ўсё гэта, дамогся такога посьпеху менавіта на травяных пляцоўках Ўімблдону.

Для беларусаў сёлетні Ўімблдон увогуле аказаўся даволі ўдалым. Вольга Барабаншчыкава, якая ва ўсясьветным рэйтынгу займае прыблізна 90-е месца, увайшла ў 16-ку лепшых, прайграўшы толькі ў 1/8-й фіналу. А Наташа Зьверава, посьпехі якой апошнія гады зьвязаныя выключна з парным тэнісам, разам з расейкаю Аннай Курнікавай выйшла ў паўфінал. Нагадаем, дарэчы, што Зьверава, самая знакамітая і тытуляваная беларуская тэнісыстка, даўно жыве й трэніруецца за межамі Беларусі.

XS
SM
MD
LG