Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывіст арганізацыі "Малады Фронт", 24-гадовы гарадзенец Валеры Кісель быў затрыманы міліцыяй сёньня ўначы ў Менску. Міліцыянты лічаць, што ён пашкодзіў дзяржаўную маёмасьць, напісаўшы некалькі патрыятычных лёзунгаў на шыбах тралейбуса.

Сябра "Маладога Фронту" з Горадні Валеры Кісель прыехаў у Менск, каб удзельнічаць у сэмінары па ўдасканаленьню дзейнасьці маладзёвых арганізацыяў. Сёньня ўначы ён разам з трыма іншымі маладымі апазыцыянэрамі зайшлі на тэрыторыю тралейбуснага дэпо №5, што ў мікрараёне Дражня і, прыклаўшы трафарэт да шыбаў тралейбуса, паспрабавалі напісаць "Жыве незалежная Беларусь!". Аднак былі заўважаныя мясцовай аховаю, якая выклікала міліцэйскі патруль.

Калі ў дэпо зьявіліся міліцыянты, траім апазыцыянэрам удалася ўцячы, а Валеры быў затрыманы й дастаўлены ў пастарунак. З трох гадзінаў начы спадар Кісель знаходзіцца ў Партызанскім раённым аддзеле міліцыі, дзе яго дапытваюць сьледчыя. Больш падрабязную інфармацыю пра тое, паводле якога канкрэтна артыкулу абвінавачваецца Валеры Кісель, нашаму радыё паведаміць адмовіліся.

Тым ня менш, некаторыя міліцыянты не выключаюць, што яму будзе прад'яўлена абвінавачваньне ў злосным хуліганстве й пашкоджаньні дзяржаўнае маёмасьці. Паводле гэтага артыкулу Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабарончы цэнтар "Вясна" зьбіраецца даць Валерыю Кісялю адваката.

Яшчэ адзін інцыдэнт з затрыманьнем апазыцыянэра адбыўся ўчора ў Фрунзэнскім раёне Менску. Міліцыянты затрымалі старшыню мясцовае рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Вольгу Кацянкову, якая зьбірала па кватэрах подпісы жыхароў за вылучэньне дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд. Міліцэйскі патруль выклікаў нейкі надзвычай, так бы мовіць, "пільны" грамадзянін. Праўда, міліцыянты толькі ўзялі са спадарыні Кацянковай тлумачэньні і праз 20 хвілінаў вызвалілі яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG