Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Бухарэст

300 парлямэнтароў з 54 краінаў-удзельніцаў абмяркоўваюць сытуацыю з правамі чалавека ў Эўропе, эканамічныя і гуманітарныя праблемы. У парадку дня сэсіі – выбары прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і прыняцьцё рэзалюцыяў. Сярод дадатковых пунктаў – рэзалюцыя ў пытаньні Беларусі. З Бухарэсту перадае наш спэцыяльны карэспандэнт Вольга Караткевіч.

Бухарэст уражвае сваёй падобнасьцю да Беларусі – паўпусты аэрапорт, паўсюль рэкляма кампаніі "Лукойл". Саракаградусная сьпякота прымушае ў спрэчках з таксістамі, што ня маюць лічыльнікаў ці ня хочуць іх уключаць, казаць "да", што па-румынску азначае так. Са сьціплым навакольлем кантрастуе будынак парлямэнту, у якім праходзіць сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Ад Беларусі афіцыйна запрошаны сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі, намесьнік Старшыні Анатоль Лябедзька і дэпутат Уладзімер Нісьцюк. Беларусь згадвалася сёньня цягам усяго дня, як правіла, у пераліку краінаў, якія маюць праблемы з дэмакратыяй. Рэзалюцыя ў справе Беларусі будзе прынятая ў панядзелак, аднак ужо сёньня на адрас кіраўніка рабочай групы ў справе Беларусі Адрыяна Севярына гучэў дакор. Цытую: "Міжнароднае супольніцтва павінна мець адну ўзгодненую палітыку што да палітычных працэсаў у Беларусі". Павярнуўшыся з трыбуны тварам да Адрыяна Севярына гэта прамовіў спадар Стондман, дырэктар аддзелу дэмакратызацыі і правоў чалавека АБСЭ.

Стондман адзначыў, што ў Беларусі не выконваюцца асноўныя патрабаваньні эўрапейскіх структураў – стварэньне роўных магчымасьцяў для палітычнай барацьбы. Стондман адзначыў, што ў Беларусі назіраецца паляпшэньне і паляпшэньне сытуацыі зьвязаў са зьменамі ў выбарчы кодэкс. Аднак гэты кодэкс не рэгулюе дэмакратычных выбараў, – заявіў Стондман. Цяпер кодэкс аб выбарах у Рэспубліцы Беларусь разглядаецца ў адпаведным камітэце АБСЭ, аналізуецца і правяраецца, і вынікі гэтага аналізу будуць прадстаўленыя праз два тыдні. І толькі тады, – заўважыў Стондман, – трэба вырашаць пытаньне, ці пасылаць назіральнікаў на выбары ў Рэспубліку Беларусь.

Што да праекту рэзалюцыі ў справе Беларусі, дык у ёй высока ацэненая работа рабочай групы ПА АБСЭ ў справе Беларусі. Цытую праект рэзалюцыі: "Кампэтэнтныя беларускія ўлады заклікаюцца забясьпечыць празрысты працэс выбараў, стварыць роўныя ўмовы, забясьпечыць правядзеньне выбарчай кампаніі ў пэрыяд міру". Беларускія ўлады ў праекце рэазлюцыі заклікаюцца таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі і ў шырокім сэнсе слова абвесьціць палітычную амністыю. Беларуская апазыцыя мусіць (цытую) "разглядаць шляхі ўдзелу ў бягучым палітычным працэсе ў якасьці адказнага і канструктыўнага ўдзельніка". Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ бачыць адзін шлях разьвязаньня сытуацыі ў Беларусі – палітычны дыялёг. Краінам-удзельніцам АБСЭ ды іншым міжнародным арганізацыям рэкамэндуецца ў выпадку прызнаньня выбараў у парлямэнт Беларусі сёлета ўвосень разгледзець магчымасьць аднаўленьня нармальных і плённых дачыньненяў з краінай, перагледзець яе статус у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і Радзе Эўропы.

Напярэдадні вылету ў Бухарэст Анатоль Лябедзька заявіў, што беларуская дэлегацыя будзе настойваць на жорсткай танальнасьці рэзалюцыі. Цягам гэтых дзён пад час працы рэгіянальных групаў і сустрэчаў з калегамі беларуская дэлегацыя будзе інфармаваць пра рэальны эфэкт так званага палітычнага дыялёгу і магчымасьць дэмакратызацыі пры цяперашняй уладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG