Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Сяргей Навумчык

Сёньня галоўнай падзеяй сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая праходзіць у Бухарэсьце, было ўручэньне прэміі АБСЭ ў галіне журналістыкі карэспандэнту Радыё Свабода Андрэю Бабіцкаму. Прэмію атрымала жонка Бабіцкага Людміла. Расейскія ўлады ня выпусьцілі Андрэя Бабіцкага за межы Расеі.

Мы ня будзем пераказваць чачэнскую эпапею журналіста, пра яе дастаткова паведамлялася на хвалях Свабоды. Адзначым толькі, што гісторыя з Бабіцкім была першай падзеяй, якая прымусіла Захад усумніцца ў шчырасьці заяваў новага крамлёўскага кіраўніцтва адносна іх дэмакратычных памкненьняў.

Я патэлефанаваў Андрэю ў Маскву і запытаўся, ў якой стадыі цяпер знаходзіцца ягоная справа.

(Бабіцкі: ) "Мне, шчыра кажучы, цяжка зразумець навогул лёгіку маёй справы. Сёньня сьледзтва было афіцыйна завершанае, і па ўсёй верагоднасьці ў бліжэйшыя месяц-паўтары адбудзецца суд з мінімальным, сьмешным абвінавачваньнем – у выкарыстаньні падробленага дакумэнту. Паколькі пад час сьледства выявілася, што ўсё ж ня я вырабляў падробны пашпарт… Я думею, што ў сёньняшняй улады проста няма адчуваньня, што яны павінныя спрыяць нейкім станоўчым працэсам ў галіне журналістыкі. І, відавочна, іхны ўдзел у маім лёсе абмяжоўваўся спробаю выштурхнуць мяне за мяжу, калі яшчэ ў мяне былі нейкія дакумэнты. А цяпер, мне падаецца, мяне спрабуюць трымаць у Расеі. Упарта, без усялякай прычыны. Проста, магчыма, на падставе нейкага прыхаванага раздражненьня. Мне цяжка меркаваць".

(Карэспандэнт: ) "У апошні час мала каму з журналістаў давялося на сабе адчуць такі моцны ціск з боку ўладаў. Андрэй, ці адаб'ецца ён на Вашай пазыцыі?"

(Бабіцкі: ) "На маёй пазыцыі ён ніяк не адабецца. І я разьлічваю, што не адаб'ецца і на прафэсійнай дзейнасьці, што пасьля суду ўсё вернецца ў ранейшае рэчышча. Хаця на працягу некалькіх месяцаў я, канешне, быў пазбаўлены магчымасьці выконваць свае прафэсійныя абавязкі".

(Карэспандэнт: ) "Андрэй, Вы на працягу доўгага часу займаецеся праблемай Чачні і ведаеце становішча ў дэталях. Вашая ацэнка цяперашняй сытуацыі ў Чачні?"

(Бабіцкі: ) "Ведаеце, я лічу, што сытуацыя ў Чачні насуперак заявам расейскіх уладаў робіцца ўсё больш горшаю. Гэта пацьвярджаецца і настроямі людзей. Я цяпер шмат гутару з тымі, хто пабываў у Чачні, і павінен сказаць, што, на мой погляд, сёньня для Чачні характэрны агульны настрой гэткага беспэрспэктыўнага адчаю. І поўнай адсутнасьці будучыні. Гэта, дарэчы, прымушае шмат якіх чачэнцаў выяжджаць за мяжу і прасіць палітычнага прытулку ў розных эўрапейскіх краінах. Зацятасьць крамлёўскіх палітыкаў ня мае межаў. І Пуцін, наколькі я разумею, насамрэч разьлічвае з дапамогаю сілавога ціску вырашыць чачэнскую праблему. Хаця ўсе абставіны сьведчаць, што зрабіць гэта – немагчыма. Бог ведае… Можа, так альбо інакш, Пуцін зразумее, што іншага варыянту няма, як толькі весьці мірныя перамовы. А калі не зразумее – дык я мяркую, што партызанская вайна на доўгія гады будзе бясконца памнажаць ахвяры з абодвух бакоў.

Гутарыў

XS
SM
MD
LG