Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Вольга Караткевіч

Сёньня расейскі бок назваў канчатковую лічбу забітых жаўнераў у выніку апошніх тэрарыстычных актаў чачэнцаў – 33. У сьмерцях расейскіх міліцыянтаў Масква абвінавачвае слабую абарону. Аўтар газэты New York Times Майкл Гордан аналізуе прычыны апошніх паразаў расейскага войска і распавядае пра сытуацыю ў Чачні.

Неахайнасьць расейскіх камандзіраў дазволіла чачэнскім камікадзэ цягам самазабойчых атак у нядзелю забіць больш як 30 салдатаў, сказаў сёньня расейскі кіраўнік выведкі Нікалай Патрушаў. Ён заявіў, што Фэдэральная служба бясьпекі папярэджвала вайскоўцаў пра плянаваныя напады, але дастатковых мераў перасьцярогі прынята не было.

"Гэта была памылка часткі ваенных кіраўнікоў, – паведаміў Патрушаў. – Мы павінныя каардынаваць нашыя дзеяньні, каб не дапусьціць падобных тэрактаў у будучыні".

Пяць цяжаравікоў з салдатамі былі падарваныя ў Чачні ў нядзелю, што ўразіла расейскіх вайскоўцаў і шакавала расейцаў. Сёньня расейцы назвалі канчатковую лічбу – 33 забітых, 82 параненых і 3 зьніклых.

Намагаючыся аднавіць кантроль над гарадамі і паселішчамі ў бунтоўным рэгіёне, расейскія афіцэры сёньня выдалі загад "стараляць наўпрост" у любую машыну, якая парушае камэнданцукую гадзіну – ад 9-й да 7-й. Былі ўведзеныя новыя прапускныя пункты, і многія чачэнцы, як паведамляецца, заставаліся дома. Дарэчы самі чачэнца абураюцца ўвядзеньнем камэнданцкай гадзінай, бо яна пагражае сельскай гаспадарцы рэспублікі.

Каля 30 чалавек былі затрыманыя, аднак не вядома, ці расейскія ўлады знайшлі хоць каго, хто арганізоўваў выбухі.

Сэрыя разбуральных выбухаў у будынках у іншых частках Расеі ў верасьні спарадзіла грамадзкую падтрымку вайны ў Чачні. Расейскі бок абвінавачвае чачэнцаў, аднак няма дакладных доказаў іх віны, - заўважае Майкл Гордан.

Што да выбухаў у Нядзелю, дык бальшыня іх адбылася ў Аргуне, дзе цяжаравік з бомбай наехаў на інтэрнат, у якім разьмяшчаюцца расейскія вайскоўцы. Нягледзячы на пагрозу магчымых нападаў, не было зроблена канкрэтных захадаў, каб спыніць цяжаравік, якім маглі кіраваць чачэнскія самазабойцы, - піша New York Times.

Падаючы новыя дэталі атакаў, расейская тэлевізія паведаміл, што 22 міліцыянты былі забітыя і 48 паранена. Многія з памершых і параненых былі заваленыя ламаччам. Пасьля таго, як бомба выбухнула, чачэнскія снайпэры пачалі страляць у будынак, і перастрэлка цягнулася паўтары гадзіны.

Гаворачы пра няпільнасьць як пра прычыну ўдалых чачэнскіх тэрактаў, расейскія вайскоўцы маюць на ўвазе лякальных ваенных камандзіраў, а не камэндант Чачні Іван Бабічаў, - падкрэсьлівае New York Times.

Падзеі (разбурэньні?) ў Аргуне сталі вынікам правалу выкананьня загаду Бабічава – прыняць больш моцныя меры бясьпекі, - заявіў Сяргей Ястржэмбскі, памочнік Пуціна і галоўны адказны за інфармацыйную палітыку ў пытаньні Чачні. Сам Пуцін у апошнія дні хадзіў з апушчанай галавой і мае мала чаго сказаць пра чачэнскія тэракты, якія ставяць пад сумнеў прэтэнзіі Крамля ўзяць пад кантроль бунтоўны рэгіён.

Чачэнскія паўстанцы, - піша Майкл Гордан, - больш рашучыя ў выказваньнях. Яны абяцаюць больш атакаў, папярэджваючы сваіх цывільных суайчыньнікаў быць далей ад месцаў дыслякацыі расейцаў.

Лідар чачэнскіх партызанаў Шаміль Басаеў запатрабаваў, каб расейскія ўлады выдалі расейскага афіцэра, абвінавачанага ў згвалтаваньні і забойстве чачэнкі. У адваротным выпадку, заявіў Басаеў, бомбавых атакаў будзе яшчэ больш, - спасылаецца New York Times на словы Мавладзі Ўдугава - прэсавага сакратара чачэнскага прэзыдэнта. Тым часам у інтэрвію агенцтву France Presse Мавладзі Ўдугаў учора ўвечары заявіў, што чачэнцы прад'явілі фэдэральным войскам ультыматум: калі палкоўнік Буданаў, які падазраецца ў забойстве і згвалтаваньні чачэнскай дзяўчыны, ня будзе выдадзены цягам 72 гадзінаў, чачэнцы нанясуць дакладны ўдар па расейскіх пазыцыях. Удугаў таксама паведаміў, што чачэнскі бок патрабуе вызваленьня 200 жанчынаў і 250 дзяцей, якія знаходзяцца ў фэдэральным плене.

У самой Чачні сёньня спрацавала выбуховае прыстасаваньне ў раёне Алхан-Калы. Ніхто не пацярпеў. На дарозе ў 2-х кілямэтрах ад паселішча Вінаграднае расейцы знайшлі супрацьтанкавую міну на ўзводзе.

Сёньня ранкам расейскія памежныя сілы пачалі зачыстку раёна на мяжы паміж Чачнёй і Дагестанам, дзе ўначы быў заўважаны рух чачэнскага адзьдзелу. Апэрацыя праводзіцца пры дапамозе гелікоптараў. Уначы чачэнцы двойчы абстралялі памежную заставу "Хуландой".

У райцэнтры Ачхой-Мартан мясцовыя жыхары ўзбунтаваліся супраць рашэньня кіраўніка часовай адміністрацыі Чачні Ахмада Кадырава зьняць з пасады кіраўніка раённай адміністрацыі Шаміля Бураева. Сам Бураеў заклікае чачэнцаў не правакаваць расейцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG