Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

У лябараторыі Цэнтральнага кірмашу Пінску зафіксаваныя першыя выпадкі, калі ягады і грыбы, прывезеныя на продаж, не прайшлі радыяцыйны кантроль.

Што да ягад, дык сярод непрайшоўшых радыелягічнага кантролю, пакуль толькі чарніцы, якія, як вядома, зьбіраюць у лесе. Паводле дадзеных лябараторыі Цэнтральнага кірмашу, колькасьць радыенуклідаў у кожнай дзясятай пробе чарніцаў перавышае норму.

Варта адзначыць, што ў згаданай лябараторыі ад пачатку ягаднага сэзону, праведзена ўсяго каля дзвюх сотняў тэстаў, у той час як штодня на кірмашы чарніцы прадаюць ня менш за сотню чалавек. Атрымліваецца, што большасьць гандляроў увогуле не правяраецца на ягады пры продажы на кірмашы, не гаворачы пра гандаль ля крамаў ды ў іншых месцах.

Што да суніцаў ды малінаў, дык гарантаваць, што ўсе яны чыстыя таксама немагчыма, бо ад пачатку сэзону лябараторыя зрабіла ўсяго тры пробы гэтых ягадаў.

Прыкладна такая ж сытуацыя і ў самай буйной філіі Цэнтральнага кірамашу – у Паўночным мікрараёне. У тамтэйшай лябараторыі нам паведамілі, што цягам чэрвеня са 199 пробаў чарніцаў, заражанымі апынуліся 17.

Грыбоў на кірмашах пакуль няшмат, але ўжо два зь першых 20 тэстаў лісічак радыелягічны кантроль не прайшлі.

Калі казаць пра месцы, дзе былі сабраныя заражаныя ягады і грыбы, дык апрача традыцыйна небясьпечных Пінскага, Лунінецкага і Столінскага раёнаў, гэтым разам заражаныя дары лесу прывозілі нават з суседніх Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў.

XS
SM
MD
LG