Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У Беларусі пачынаецца падрыхтоўка да сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці 27 ліпеня.

Дэмакратычныя сілы Беларусі будуць сьвяткаваць дзясятыя ўгодкі ўхваленьня Дэклярацыі незалежнасьці супольна і па-сапраўднаму ўрачыста. Каардынатарам сьвяточных мерапрыемстваў стала Рада дэмакратычных сілаў, куды уваходзяць 10 партыяў і грамадзкіх рухаў. На прысьвечаным падрыхтоўцы да Дня Незалежнасьці паседжаньні, якое павінна адбыцца на наступным тыдні, сябры Рады зацьвердзяць плян сьвяткаваньня.

Напярэдадні 27-га ліпеня дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га й 13-га скліканьняў возьмуць удзел у працы круглага стала "10 год сувэрэнітэту Беларусі: перамогі й паразы". Круглы стол адначасова будзе й урачыстым паседжаньнем заканадаўчага органу Беларусі. Магчыма, Вярхоўны Савет прыме заяву з нагоды Дня Незалежнасьці.

Сябра аргкамітэту Вярхоўнага Савету, дэпутатка 12-скліканьня Галіна Семдзянава кажа, што афіцыйныя асобы на ўрачыстыя мерапрыемствы пакуль не запрашаліся:

(Сямдзянава: ) "Пра якую незалежнасьць можна размаўляць з нашымі ўладнымі структурамі?"

Да сьвяткаваньня даты 27 ліпеня прымеркаваныя адкрыцьцё помніка Генадзю Карпенку й футбольны турнір "Кубак свабоды".

Аднак цэнтральнай падзеяй стане шэсьце й мітынг у Менску. Аналягічныя акцыі пройдуць у рэгіёнах.

Тэма дзясятых угодкаў Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі й абароны сувэренітэту будзе гучаць і 29-га ліпеня, калі ў Менску распачне працу Ўсебеларускі зьезд за незалежнасьць.

Кансэрватыўна-Храсьціянская партыя БНФ напярэдадні Дня Незалежнасьці ладзіць сэрыю пікетаў. Паводле словаў прэсавага сакратара КХП-БНФ Валера Буйвала, кіраўніцтва партыі будзе разглядаць магмымасьць далучэньня да Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў у справе сьвяткаваньня 27-га ліпеня.

XS
SM
MD
LG