Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Наступствы пастановы амэрыканскага ўраду аб скасаваньні ільготаў Агульнае Сыстэмы Прэфэрэнцыяў для імпарту з Беларусі, аб якой учора абвесьціла гандлёвы прадстаўнік ЗША Шарлін Баршэўскі, аналізуе прэзыдэнт дасьледчага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка.

Месяц таму афіцыйны Менск не хаваў радасьці з прычыны таго, што Вашынгтон вырашыў захаваць рэжым гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі яшчэ на год. Але цяпер рэжым прэфэрэнцыяў усё ж скасаваны. Мяркуючы па ўсім, сваю ролю адыграла жорсткая пазыцыя, якую занялі ў адносінах да беларускай ўлады амэрыканскія заканадаўцы. Да таго ж амэрыканскія прафсаюзы, якія настойвалі на адмене прэфэрэнцыяў, уяўляюць сабой велізарную сілу. Улада, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, ня можа дазволіць сабе раскошу не лічыцца з меркаваньнем прафсаюзаў.

На думку прэзыдэнта дасьледчага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, непасрэдны ўплыў адмены гандлёвых прэфэрэнцыяў на беларускую эканоміку ня будзе надта істотным. Беларускі экспарт у ЗША летась склаў прыблізна 80 мільёнаў даляраў, пры гэтым бяз мытаў было ўвезена тавараў толькі на 27 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня: у Літву Беларусь прадала летась ўдвая больш тавараў, чым у Амэрыку, у Нямеччыну – прыкладна ўтрая больш.

Аднак, паводле словаў сп-ра Заікі, якраз сёлета гандаль Беларусі са Злучанымі Штатамі пачаў імкліва расьці – са студзеня па красавік у параўнаньні з мінулым годам экспарт Беларусі ў ЗША падвысіўся на 70%. У Расею, напрыклад, толькі на 17%.

Прэзыдэнт цэнтру "Стратэгія" адзначыў, што справа тут ня толькі ў лічбах непазьбежнага скарачэньня таваразвароту:

(Заіка: ) "У любым выпадку важны псыхалягічны й палітычны момант. У міжнароднай практыцы існуе пэўны давер, пэўныя традыцыі ў адносінах паміж краінамі, калі размова ідзе пра эканамічнае партнэрства. І калі Беларусь апынецца за межамі нармалёвых, традыцыйна добрых адносінаў, гэта стварае эфэкт "даміно": ужо й іншыя партнэры будуць улічваць рашэньне амэрыканскага ураду. Для Беларусі будзе менш шанцаў набываць высокатэхналягічныя тавары і прадаваць прадукцыю, якую мы лічылі для сябе важнай – частку сыравіннай прадукцыі, угнаеньні, тэкстыль".

На думку Леаніда Заікі, цяпер ключавое пытаньне – ці падтрымае рашэньне ЗША Эўразьвяз. Паводле меркаваньня сп-ра Заікі, ёсьць дзьве тэндэнцыі. З аднаго боку, для Эўропы ёсьць спакуса пашырыць гандаль з Беларусьсю і атрымаць нават прыбатак ад абмежаваньняў, уведзеных Вашынгтонам. З другога боку, існуюць палітычныя чыньнікі: калі Эўропа зойме жорсткую пазыцыю ў адносінах да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, гэта можа пацягнуць за сабой эканамічныя санкцыі, аналягічныя амэрыканскім.

Прэзыдэнт цэнтру "Стратэгія" падкрэсьліў, што адмена прэфэрэнцыяў – ня ёсьць апошні сродак эканамічнага ўзьдзеяньня на Беларусь з боку ЗША. Паводле ягоных словаў, у прынцыпе магчымае ўзьдзеяньне на прыватны бізнэс (кшталту кампаніі "Макдональдс"), які ўсё ж рызыкуе ўкладаць грошы ў Беларусь. Дастаткова моцны ціск можа прымусіць амэрыканскія кампаніі пакінуць беларускі рынак.

XS
SM
MD
LG