Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў ухваляюць рашэньне Злучаных Штатаў Амэрыкі аб скасаваньні гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі.

Рашэньне ўладаў ЗША аб спыненьні ільготнага рэжыму ў зьнешнегандлёвых стасунках зь Беларусьсю атрымала шырокі розгалас у асяродзьдзі сяброў Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Рэч у тым, што падставай для такога кроку, паводле тлумачэньня амэрыканскага боку, зьявіліся парушэньні беларускімі ўладамі міжнародна прызнаных правоў прафсаюзаў у Беларусі. Менавіта кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў неаднаразова зьвяртаўся да ЗША з просьбай абараніць беларускіх рабочых ад неабгрунтаванага перасьледу. Гаворыць віцэ-прэзідэнт гэтай прафсаюзнай арганізацыі Ўладзімер Макарчук:

(Макарчук: ) "Мы ўспрынялі гэтае рашэньне Кангрэсу ЗША з некаторым задавальненьнем з тае прычыны, што мы і зьвярталіся да амэрыканскіх уладаў, уладаў эўрапейскіх дзяржаваў, каб яны прымусілі цяперашні беларускі рэжым паважаць правы рабочых. Беларусь падпісала дакумэнты Міжнароднай арганізацыі працы, абавязалася выконваць міжнародныя стандарты ў сфэры працы, аднак у сапраўднасьці іх груба парушае. Ёсьць два шляхі, каб спыніць гвалт. Першы: прафсаюзы і рабочыя самі абараняюць сябе. І другі шлях: спадзяваньні на міжнародную салідарнасьць. Чаму мы абралі другі шлях? Ды таму, што рэжым стварыў невыносныя ўмовы для нашай дзейнасьці. Пікеты, страйкі, мітынгі, шэсьці – усё гэта практычна забаронена",

– зазначыў сёньня нашаму радыё віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімір Макарчук.

А вось як адрэагаваў на рашэньне Злучаных Штатаў аказаць на афіцыйны Менск эканамічны ціск старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) "Нашыя ўлады, як кажуць, дагуляліся. На працягу 200 году, у першую чаргу са Свабоднага пафсаюзу выканаўчая ўлада разам зь некаторымі дырэктарамі зьдзеквалася. Магу назваць такія адыёзныя прозьвішчы, як дырэктар Магілеўскага аўтамабільнага заводу Лакіза, дырэктар Гарадзенскага "Хімвалакна" Пінчук. Менавіта з-за гэтых людзей, я лічу, быў нанесены вельмі балючы экананмічны ўдар. Бо ты ядырэктары груба парушаюць закон, а ў гэтым ім спыяюць некаторыя працаўнікі выканаўчай улады".

(Карэспандэнт: ) "Я ведаю, што напачатку сёлета Вы вялі дыялёг у гэтым пытаньні зь Міністэрствам замежных справаў і, здаецца, папярэджвалі каманду міністра Латыпава аб магчымасьці такога разьвіцьця падзеяў. І тым ня менш дыялёг аказаўся бясплённым. Чаму?"

(Быкаў: ) "Мы папярэджвалі, што будуць уведзеныя санкцыі і Лукашэнку, і Лінга, і цяперашняга прэм'ера Ярмошына, і міністра замежных справаў Латыпава. Але, відаць, да такіх асобаў, як Пінчук і Лакіза, павінны прымяняцца іншыя санкцыі", - сказаў нашаму Радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў.

Як сказаў лідэр афіцыйных прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык, ягоная фэдэрацыя не падтрымлівае ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Рэспублікі Беларусь. І не падтрымлівае таму, як сказаў Ганчарык, бо ў міжнароднай практыцы не было прыкладу пазытыўнага ўзьдзеяньня эканамічных санкцыяў на сытуацыю ў нейкай краіне. Ён сказаў аб гэтым учора на прэсавай канфэрэнцыі, калі яшчэ не было вядома аб увядзеньні санкцыяў.

XS
SM
MD
LG