Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Галіна Прыгара, Прага

Пасьля выбуху ў горадзе Аргуне, калі былі забітыя некалькі дзясяткаў расейскіх міліцыянтаў, у Чачні ўведзеная камэнданцкая гадзіна. Тэму працягвае Галіна Прыгара.

Сёньня каля паселішча Талстой-Юрт падарваўся бронетранспартэр расейскага спэцназу; два афіцэры спэцназу загінулі, шэсьць параненыя.

Прадстаўнікі фэдэральнага камандаваньня абвесьцілі, што чачэнцы выставілі ўльтыматум. Яны патрабуюць на працягу 72 гадзінаў выдаць палкоўніка Буданава, якога абвінавачваюць ў згвалтаваньні і забойстве чачэнскай дзяўчыны.

Прадстаўнік чачэнскага прэзыдэнта Маўладзі Ўдугаў заявіў агенцтву France Press, што калі на працягу вызначанага часу ўльтыматум ня будзе выкананы, чачэнцы нанясуць удар па пазыцыях расейскіх войскаў.

Сёньня New York Times падае статыстыку забітых пад час апошняй чачэнскай вайны з расейскага боку. З 1-га кастрычніка 99 году больш чым 2100 расейскіх вайскоўцаў забітыя і 6 тысячаў параненыя.

"З кожным выбухам альбо пасткай расейцы робяцца больш агрэсіўнымі. З кожным авіяналётам і артылерыйскім абстрэлам чачэнцы робяцца больш жорсткімі да расейцаў," – піша аглядальнік New York Times Майкл Гардон і прыводзіць у якасьці прыкладу Чалябінскую вобласьць.

Чалябінцы ўзяліся аднавіць разбураны горад Аргун, але менавіта чалабінскія міліцыянты сталі ахвяраю нядзельнага выбуху каля інтэрнату мясцовага ўпраўленьня ўнутраных справаў. У выніку губэрнатар Чалябінскай вобласьці заявіў, што ня будзе дапамагаць чачэнцам. "Пакуль яны забіваюць нашых хлопцаў, я ня дам ім ні рубля, і ніхто не прымусіць мяне зрабіць гэта," – заявіў губэрнатар.

Тым часам, сёньня дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы Барыс Беразоўскі заявіў у інтэрвію агенцтву "Интерфакс", што "вайсковай перамогі ў Чачні быць ня можа". Трэба прызнаць як факт, што ў Чачні трэба дамаўляцца і з самай экстрэмісцкай часткаю чачэнскага народа, лічыць Беразоўскі. Усялякае зацягваньне палітычнага, а не сілавога ўрэгуляваньня канфлікту, толькі ўскладняе сытуацыю, – заявіў расейскі дэпутат.

XS
SM
MD
LG