Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

У Віцебску распачаўся "Славянскі базар". Учора ўвечары і сёньня ўначы ўжо прайшлі першыя канцэрты. Але афіцыйнае адкрыцьцё адбудзецца заўтра.

Ужо вызначыліся два галоўныя цьвікі праграмы: гэта каралева маскоўскае папсы неўвядальная Ала Пугачова, і канешне ж, Аляксандар Лукашэнка. Першую арганізатары ацэньваюць вышэй, бо квіткі на ейны канцэрт каштуюць да 14 тысячаў дэнамінаваных рублёў, а на адкрыцьцё фэсту з удзелам Лукашэнкі – на дзьве тысячы меней.

Затое мясцовыя ўлады ў першую чаргу паклапаціліся пра камфорт свайго кіраўніка. Не дачакаўшыся абяцанага Лужковым маскоўскага даху, зрабілі адмысловае памяшканьне, якое зараз абараняе ганаровага госьця з усіх шасьці бакоў. Гэты бункер (або "дзот", як яго называюць месьцічы) аздоблены адмысловымі моцнымі жалюзі. Унутры ўсё зроблена паводле эўрапейскіх стандартаў, нават мэбля пінскай вытворчасьці выглядае звонку ня горш за італьянскую… Канешне ж, ёсьць усе зручнасьці, а за сцэнаю ідзе адмысловы праход, які сканчаецца, са словаў будаўнікоў, ліфтам. Але гэта дакладна пацьвердзіць немагчыма, бо інфармацыя захоўваецца на ўзроўні дзяржаўнае таямніцы. За пяць дзён да прыезду шэфа ягоная ахова ўжо ўзяла "аб'ект" пад пільны кантроль.

Наконт аховы – на фэсьце яе будзе багата, да абласных структураў далучаецца атрад асаблівага прызначэньня зь Менску, які будзе працаваць у навакольлі галоўнай арэны. Непасрэдна ў амфітэатры за парадкам будуць сачыць дзясяткі людзей у цывільным – як падкрэсьліваецца, дзеля таго, каб некаторыя грамадзяне не перашкаджалі відовішчу. На ўваходзе плянуецца жорсткі кантроль зь ператрусамі.

Дырэкцыя фэсту папярэдзіла гледачоў, каб яны прыходзілі як мага раней, бо йнакш маюць магчымасьць застацца па-за плотам.

Незадаволеныя мясцовыя журналісты. Па-першае, з кожным годам ім усё цяжэй здабываць патрэбную інфармацыю, бо арганізатары фэсту, які зрабіўся дзяржаўным, ня вельмі ахвотна размаўляюць зь імі, па-другое, адносіны да іх нагадваюць адносіны да людзей другога гатунку – чаго вартае тое, што адмысловых карэспандэнтаў Белтэлерадыё і цэнтральных дзяржаўных выданьняў пазбавілі гэтак званых "васількоў" (талёнаў на ежу) – нават тых, хто быў у афіцыйных сьпісах.

Бальшыня жыхароў гораду, якіх апытвалі віцебскія газэты, адказалі, што нажаль ня маюць магчымасьці наведаць тыя канцэрты, якія б хацелі з-за вялікіх коштаў. Таму такія папулярныя больш танныя выступы майстроў клясычнае сцэны.

Адно толькі настаўнікі чакаюць ад фэсту добрых вынікаў. Мо' ў горадзе зьбяруць грошы, каб выплаціць усім за летні адпачынак і заробак за чэрвень.

XS
SM
MD
LG