Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У Касьцюковічах працягваецца перасьлед старшыні мяйсцовае суполкі Таварыства Беларускае Мовы Людмілы Леўчанкі. Парадокс сытуацыі ў тым, што за беларушчыну церпіць расейка паводле нацыянальнасьці ды паходжаньня.

Непрыемнасьці ў Людмілы Леўчанкі пачаліся адразу пасьля таго, як яна заснавала ў Касьцюковічах суполку Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны ды распачала выданьне ейнага друкаванага воргану – газэты "Матчын дар".

Пільная ўвага з боку мяйсцовых праваахоўных ворганаў да актывісткі беларушчыны летась скончылася для яе стратаю дадатковае працы ў адной з касьцюковіцкіх сярэдніх школаў. Пасьля чаго ў высокакляснай, паводле неаднаразовых высноваў шматлікіх інспэкцыяў, выкладчыцы беларускае мовы й літаратуры застолося толькі некалькі ўрокаў на мейсцы асноўнае працы – у малакамплектнай вечаровай школе. І вось цяпер яна пазбаўленая і гэтага. Фармальная падстава – рэарганізацыя школы.

Гаворыць Людміла Леўчанка…

(Леўчанка: ) "Кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі такі загад выдала, што "ў сувязі з рэарганізацыяй вечаровае школы скараціць калектыў" гэтае школы. І паведаміла пра тое, што мы павінны прыйсьці паставіць подпісы ў тым, што мы азнаёмлены й не пярэчым. Але я свой подпіс не паставіла – таму што я ня згодная… Гэта, канешне, для іх мала што азначае – таму што, як мне заявілі ў кадрах, што аддзел адукацыі ня мае аніякага ўплыву на дырэктараў гарадзкіх школаў, што дырэктары вырашаюць самі, падбіраюць сабе кадры самі. І калі яны ня згодныя з прапановаю аддзела адукацыі, дык яны таго чалавека й ня возьмуць. І вось менавіта Леўчанку браць "ніхто ня хоча" – паводле словаў загадчыцы аддзелу кадраў".

Раённае начальства прапануе Людміле Леўчанцы працаўладкавацца ў вясковай школе. Аднак па стану здароўя яна ня можа езьдзіць грамадзкім транспартам і ў РАНА пра гэта добра вядома.

Фактычным пазбаўленьнем працы непрыемнасьці касьцюковіцкай актывісткі беларушчыны ня скончыліся. Мяйсцовыя чыноўнікі адмовілі ёй ў рэгістрацыі юрыдычнага адрасу суполкі ТБМ па мейсцы ейнага жыхарства. Як вядома, міністар юстыцыі спадар Варанцоў адмысловым лістом дазволіў такую рэгістрацыю суполкам, лік якіх не перавышае 15 чалавек. Аднак юрыст касьцюковіцкага камунгасу Генадзь Саўчанка, які разглядаў заяву старшыні суполкі, прайгнараваў гэты ліст. Вось што пачула ад яго спадарыня Леўчанка:

(Леўчанка: ) "І ён заявіў наступнае – Міністэрства юстыцыі для мяне – не закон, а закон для мяне – Жыльлёвы кодэкс".

І ў давяршэньне ўсяго дзейнасьць суполкі знаходзіцца пад пільнаю ўвагаю мяйсцовага КГБ…

(Леўчанка: ) "У чэрвені некалькі званкоў было – зь інтэрвалам на тыдзень прыкладна – лейтэнанат КГБ (ён мне прадставіўся гэтым разам – "проста лейтэнант КГБ…") – ён настойвае на сустрэчы. Я дапытваюся: менавіта пра што пойдзе гаворка? Ён пэўна ня кажа, пачынае пра тое, што пра ТБМ і пра нашую газэтку "Матчын дар"… Я заўсёды адмаўляюся. А ён не спыняецца, усё роўна тэлефануе. Але я настойваю на тым, каб зь іхнага боку быў дасланы адпаведны выклік з пазначэньнем пэўнае падставы".

Паведаміла старшыня касьцюковіцкае суполкі ТБМ Людміла Леўчанка.

XS
SM
MD
LG