Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Напярэдадні шафёры слонімскага грузавога аўтапарку №11 дамовіліся, што ў першы працоўны дзень ліпеня працаваць ня будуць на знак пратэсту супраць малых заробкаў. Але сёньня, калі яны прыйшлі ў свой аўтапарк, працы для большасьці і так не было. Вельмі напружаная сытуацыя і на іншых слонімскіх прадпрыемствах.

У рэйсы з раніцы з грузавога аўтапарку здолелі выехаць толькі дзьве аўтамашыны – перавезьці макулатуру – для іншых не было заказаў, як, зрэшты, і ўсе апошнія месяцы. Людзі звальняюцца, а машыны рэжуць на мэталалом. Шафёры пратэстуюць якраз супраць таго, што няма працы і няма заробкаў. Яны лічаць, што дырэктар аўтапарку Павал Аляшкевіч не шукае заказы, а ён спасылаецца на тое, што зацьверджаныя афіцыйна тарыфы на перавозкі, зрабілі аўтапарк стратным. Гарадзкія ўлады з гэтай нагоды зьвярнуліся ва ўрад, але пакуль бяз выніку.

Пра гэта мне паведаміла начальнік ўправы эканомікі і рынкавых адносінаў гарвыканкаму Раіса Качук. Яна таксама пацьвердзіла зьвесткі аб цяжкім становішчы, у якім апынулася слонімская фабрыка гатэльнай мэблі. Месяц назад рабочых распусьцілі, дырэкцыя спадзявалася, што ў ліпені прадпрыемства зноў пачне працаваць, але цяпер пагаворваюць, што ў вымушаным адпачынку рабочыя могуць прабыць цэлае лета. Дырэктар фабрыкі Пётар Котаў сёньня ў другой палове дня быў выкліканы са справаздачай да старшыні гарвыканкаму.
Раіса Качук патлумачыла, што прадукцыю фабрыкі немагчыма прадаць, склады поўныя, попыт знаходзяць толькі труны, якія пачалі вырабляць апошнім часам. У чэрвені за даўгі была спыненая падача прыроднага газу на фабрыку гатэльнай мэблі, а таксама на аўтарамонтны завод.

У горадзе былі і яшчэ даўжнікі: камвольна-прадзіўная фабрыка, кардонна-папяровы завод. Агулам за газ не было заплочана паўмільярды рублёў. Цяпер настаў час адключаць за даўгі электрычнасьць.

Паводле словаў Раісы Качук з гарвыканкаму, дырэкцыя фабрыкі гатэльнай мэблі дамовілася расплочвацца за даўгі сваёй прадукцыяй.

Увогуле, эканамічная сытуацыя ў горадзе вельмі няпростая, – сказала спадарыня Качук. Агульная праблема для большасьці слонімскіх прадпрыемстваў – адсутнасьць грошай на рахунку. Фабрыка мастацкіх вырабаў ня можа закупіць тканіну, а значыць – забясьпечыць працай рабочых. А работніцы фабрыкі пуха-пер'евых вырабаў, ня вытрымаўшы нэндзы, накіравалі свой зварот мясцовым уладам і Лукашэнку. У ім пішацца: "Мы зьвяртаемся да вас са скаргай з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча ў сувязі з малой зарплатай. Цэны растуць кожны дзень, а заробкі не ўзрастаюць. Норма выпрацоўкі расьце, а расцэнкі стаяць на месцы. Наш заробак ніжэйшы за мінімальны спажывецкі бюджэт". За такія мізэрныя грошы немагчыма, нават, пракарміць сваіх дзяцей, не кажучы ўжо пра тое, каб іх апрануць, – пішуць работніцы. Пад гэтым лістом да Лукашэнкі пастаўлена 58 подпісаў.

Атрымліваюць швачкі на пуха-пер'евай фабрыцы па 15-20 тысячаў рублёў у месяц.

XS
SM
MD
LG