Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

4 ліпеня, відаць, была пастаўленая апошняя кропка ў "грамадзка-палітычным дыялёгу", які разыходзіцца на летнія канікулы. З "дыялёгу" на знак пратэсту выйшлі старшыня Таварыства Беларускае Школы Алесь Лозка й кіраўнік экспэртавае групы ў пытаньнях СМІ Аляксандар Фядута.

Складвалася ўражаньне, што арганізатары гэтак званага "дыялёгу" імкнуліся дарабіць да канікулаў усе распачатыя раней справы. Парадак дня дзьвюхгадзіннага паседжаньня быў надзвычай перагружаны прынцыпова важнымі пытаньнямі, і ўрэшце старшыня гэтага сходу Анатоль Баранкевіч знайшоў лёгкае выйсьце – прымаць рашэньні без галасаваньня, зь мінімальным абмеркаваньнем або й безь яго, без асаблівых цырымоніяў спыняць усіх, хто супраць.

У знак пратэсту супраць ігнараваньня альтэрнатыўнае думкі "дыялёг" пакінуў старшыня ТБШ Алесь Лозка. З аналягічнай заяваю выступіў кіраўнік экспэртавае групы ў пытаньнях СМІ Аляксандар Фядута. Ён зазначыў, што супраць ягонай экспэртавай групы ўладамі вядзецца гульня з мэтаю недапушчэньня ў рэкамэндацыі самых важных паправак: аб выраўноўваньні тарыфаў на паштовыя палугі для дзяржаўных і недзяржаўных выданьняў і аб роўным доступе зарэгістраваных палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў да да тэлерадыёвяшчаньня і дзяржаўнае прэсы.

Гаворыць Аляксандар Фядута:

"Рашэньне фармуецца, і калі яно будзе сфармаванае такім чынам, што ад дэмакратычнага сэнсу нашых прапановаў не застанецца анічога, дык даруйце, панове, "маўр зрабіў сваю справу", зафіксаваў свой пункт гледжаньня й пункт гледжаньня грамадзкае супольнасьці, пасьля гэтага дазвольце сказаць, што цяпер вы, панове, можаце рабіць з гэтым тэкстам усё што заўгодна, але адказнасьць за гэта нясеце вы. Я сваё імя на пракат нікому не даваў".

Гэта быў Аляксандар Фядута, які адразу пасьля выступу пакінуў залю "дыялёгу". Як неўзабаве высьветлілася, ён меў рацыю. Дзьве найбольш важныя папраўкі былі адхіленыя спачатку прадстаўнікамі Дзяржаўнага камітэту друку й выступоўцамі, а пазьней і ўсім "дыялёгам", якім умела кіраваў Анатоль Баранкевіч. Пры гэтым спаслаліся на закон "Аб друку…", які дазваляе рэдакцыям самім выбіраць, хто будзе выступаць у іхных мэдыях, ды на тое, што нельга ўмешвацца ў дзейнасьць пошты як гаспадарча-разьліковай арганізацыі.

Прыблізна тое самае адбылося і з папраўкамі "дыялёгу" адносна заканадаўства пра мітынгі, шэсьці й сходы. Прадстаўнік адмысловае камісіі ў гэтых пытаньнях прапанаваў толькі паменшыць тэрмін разгляду заявак на мітынгі й шэсьці, аблегчыць арганізацыю пікетаў ды забавязавць ворганы ўлады адказваць на рэзалюцыі мітынгаў. А міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў увогуле заявіў, што існуючае заканадаўства пра мітынгі дасканалае і не патрабуе аніякіх зьменаў.

Прапанова Партыі камуністаў Беларускай пра тое, каб закон пра сходы, мітынгі й вулічныя шэсьці не распаўсюджваўся на сходы ў закрытых памяшканьнях, была адхіленая. Гаворыць прадстаўнік ПКБ дэпутат Вярхоўнага Савету Віктар Хоміч:

(Хоміч: ) "Сёньня гэтага дыялёгу магло б ня быць, бо закон, які мы абмяркоўваем, ён вельмі добры, я гэта кажу адразу. Але практыка, якая сёньня склалася ў нашым грамадзтве, практыка выкананьня, асабліва праваахоўчымі ворганамі, яна не адпавядае ані канстытуцыі, ані гэтаму закону. Нельга ўладзе так як ёй выгадна, зь нейкіх палітычных поглядаў, трактаваць гэты закон, дзяліць грамадзтва на чорных і белых".

Гэта быў прадстаўнік ПКБ Віктар Хоміч.

Увогуле, трэба прызнаць, што пад канец сваёй нядоўгае гісторыі "грамадзка-палітычны дыялёг" пераўтварыўся ў маналёг прадстаўнікоў і прыхільнікаў улады, якія адкрыта адкідвалі ўсе нешматлікія альтэрнатыўныя прапановы і бесцырымонна парушалі самімі ж прыняты рэглямэнт.

XS
SM
MD
LG