Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ад былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава пракуратура патрабуе грошы за мэблю, якую ён нібыта атрымаў у якасьці хабару ў акцыянэрным таварыстве "Рассвет". Між тым, мэблевы гарнітур Лявонава ўжо тры гады як канфіскаваны на карысьць дзяржавы.

Васіля Лявонава чакае новае судовае разьбіральніцтва ў справе мэблі, нібыта атрыманай у якасьці хабару ў "Расьвеце". Нагадаю, у верасьні 1988 году экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў быў затрыманы ў сваім службовым кабінэце. Пры арышце ў яго забралі больш за 300 даляраў, атрыманых у якасьці грашовай дапамогі напярэдадні адпачынку. Гэта значна больш, чым тыя страты, што паводле рашэньня суда, Лявонаў нанес дзяржаве. Прынамсі, гэтыя даляры паказалі па беларускім тэлебачаньні, але ў матэрыялах справы яны не фігуравалі і ўвогуле, куды потым падзеліся, не вядома. Праз два гады пасьля арышту пачаўся суд над Лявонавым, які завершыўся ў пачатку сёлета. Суд прызнаў былога міністра вінаватым у атрыманьні хабару ад расьветаўцаў і пакараў яго чатырма гадамі калёніі, а ўсю маёмасьць Лявонава канфіскавалі, у тым ліку і мэблевы гарнітур з "Расьвету".

Прайшло поўгады, Лявонаў ужо некалькі месяцаў як сядзіць у аршанскай калёніі, і вось раптам пракуратура Кіраўскага раёну Магілеўскай вобласьці згадала пра расьветаўскую мэблю. Лявонаву ў калёнію даслалі копію спагнаньня, што раней была накіраваная ў Кіраўскі народны суд. Пракуратура патрабуе ад Лявонава кампэнсаваць калгасу "Расьвет" страты за гэты мэблевы гарнітур, быццам бы атрыманы ад Старавойтава.

"Мы ня можам зразумець лёгіку гэтага рашэньня, яно цалкам за межамі здаровага сэнсу і закону," – гэтак пракамэнтавала зьяўленьне пазову Кіраўскай райпракуратуры да Васіля Лявонава яго дачка Сьвятлана Ўласава, якая на працэсе абараняла бацьку ў якасьці грамадзкага абаронцы. Паводле Сьвятланы Ўласавай, яна спрабавала высьвятліць прычыны зьяўленьня пазову, але безвынікова. Ёй толькі паведамілі, што хутка Кіраўскі народны суд прызначыць дзень судовага разьбіральніцтва, пра што яна будзе паінфармаваная.

"Мы будзем дамагацца, каб усё было зроблена паводле закону. Калі расьветаўскую мэблю дзяржава канфіскавала, то яна і павінна перадаць грошы за гэты гарнітур калгасу "Расьвет" альбо вярнуць нам гарнітур, а не прымушаць разьлічвацца за тое, што ўжо забралі. Інакш атрымаецца, што чалавек двойчы панясе пакараньтне за адзін і той жа ўчынак," – мяркуе Сьвятлана Ўласава. Яна кажа, што Лявонаў абураецца ўзьніклай сытуацыяй, паколькі ўвогуле не прызнае, што атрымліваў гарнітур у Старавойтава ў якасьці хабару. Нагадаю, што на працэсе Лявонаў заяўляў, што разьлічыўся з былым старшынём "Расьвету" грашыма, аднак дакумэнтальных доказаў гэтага прад'явіць судзьдзям ня здолеў.

XS
SM
MD
LG