Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У Чачні ў апошнія суткі ў выніку акцыяў, што зьдзейсьнілі чачэнскія паўстанцы, забітыя некалькі дзясяткаў байцоў расейскае міліцыі і фэдэральных войскаў. Дзеяньні чачэнцаў памочнік прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі назваў "тэрарыстычнымі актамі". Наколькі карэктнае такое вызначэньне?

Яшчэ тры дні таму, у мінулую пятніцу, расейскі міністар абароны Ігар Сяргееў надзвычай высока ацэньваў посьпехі фэдэральных сілаў у Чачні, спасылаючыся ў якасьці прыкладу на апэрацыю пад Сэржань-Юртам, у выніку якой былі забітыя 50 чачэнскіх паўстанцаў.

Такая ж лічба – 50 забітых байцоў АМАПу і вайскоўцаў фэдэральных сілаў – сёньня прызнаная Крамлём як вынік дзеяньняў чачэнскіх паўстанцаў у апошнія суткі.

Вось як падае падзеі, якія адбыліся ў горадзе Аргун, што непадалёку ад Грознага, прадстаўніцтва фэдэральнага камандваньня.

У нядзелю, а восьмай гадзіне вечара, да інтэрнату ўправы ўнутраных справаў у горадзе Аргуне пад'ехаў аўтамабіль "Урал". Аўтамабіль пратараніў браму, і імгненна адбыўся выбух. Расейскі бок заявіў, што, мяркуючы па магутнасьці выбуху, ва "Ўрале" знаходзілася каля паўтоны сумясі трацілу й плястыду. Утварылася варонка глыбінёю 5 і дыямэтрам 10 мэтраў, рэшткі аўтамабіля разьнесла на сотні мэтраў. Кіроўца-сьмяротнік загінуў.

Загінула, як найменш, 50 чалавек, пераважна – выпраўленыя ў Чачню міліцыянты з Чалябінску, гораду на паўднёвым Урале.

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі чачэнцы сьвядома йдуць на самагубства ў мэтах зьнішчэньня байцоў фэдэральных сілаў. Першы адбыўся тры тыдні таму, калі ў кабіне аўтамабіля сядзелі дзьве 20-ці гадовыя жанчыны.

Гэтым разам адразу пасьля выбуху чачэнцы пачалі інтэнсіўны абстрэл будынку, дзе жылі расейскія АМАПаўцы, што сьведчыць пра адное – гэта была добра зарганізаваная акцыя.

Дарэчы, сёньня прадстаўнік чачэнскага прэзыдэнта Маўладзі Удугаў заявіў у інтэрвію агэнцыі France Press, што падобным шляхам зьнішчаныя сотні вайскоўцаў фэдэральных сілаў у Найборы, Урус –Мартане і ў Гудэрмэсе. Удугаў паведаміў, што 18 расейцаў забітыя ў раёне Ведзяно, аднак Крэмль адмаўляе гэта.

Падзеі мінулых сутак у Аргуне ды іншых месцах Чачні Сяргей Ястржэмбскі назваў тэрарыстычнымі актамі.

Між тым, паняцьце "тэрарызм" азначае дзеяньне, якое скіраванае супраць мірных жыхароў або зьдзейсьненае ў мірны час. Леташнія выбухі шматкватэрных дамоў у Маскве, хто б ні быў іхным арганізатарам, можна назваць тэр'актамі – хаця іх ініцыятары не вылучылі аніякіх патрабаваньняў.

Сытуацыя ж у Чачні іншая – там ідзе вайна, хаця Крэмль і не жадае прызнаваць гэтага, называючы баявыя дзеяньні ці то "спэцапэрацыямі", ці "аднаўленьнем канстытуцыйнага ладу". Аднак вынікам гэтых апэрацыяў ёсьць тысячы забітых мірных жыхароў, вынішчаныя гарады й паселішчы, спаленая зямля, якой, дзеля аднаўленьня экалягічнага балянсу, спатрэбяцца дзясяткі гадоў. Адказам на "спэцапэрацыі" стаў ўзброены супраціў чачэнцаў. Практычна – партызанская вайна.

Прычым гэты тэрмін – "партызанская вайна" – ў адрозьненьні ад крамлёўскіх чыноўнікаў, пачынае ўжываць і расейская прэса. У сакавіку, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, расейскія генэралы сьцьвярджалі, што рэгулярныя аддзелы чачэнскіх паўстанцаў разьбітыя, засталіся толькі асобныя групы, і гэта было праўдаю – у чэчэнцаў не засталося той колькасьці аддзелаў па 400-500 чалавек, якія былі на пачатку вайны. Генэралы заявілі, што вайна скончаная – таксама ня вельмі памыляліся, калі меліся на ўвазе баявыя дзеяньні па ўсіх канонах ваенна-палявой тактыкі…

Насамрэч вайна проста перайшла ў іншую форму.

Да прыкладу, расейскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ў чачэнцаў няма буйных атрадаў, здольных на маштабныя апэрацыі, і што нават калі яны аб'яднаюцца, іх паўсюдна будуць зьнішчаць. Але справа ў тым, што чачэнцы якраз не зацікаўленыя ў стварэньні такіх буйных атрадаў, і менавіта з тае прычыны, што буйное фармаваньне лягчэй высачыць і зьнішчыць, чым невялікую групу.

Маўладзі Удугаў у інтэрвію France Press назваў сёньня лічбу чачэнскіх узброеных паўстанцаў – 13 тысячаў. Прадстаўнікі Крамля скарачаюць яе ў шэсьць разоў – і кажуць, што ня больш за дзьве тысячы. Нават калі пагадзіцца з апошняй ацэнкаю, ня варта забываць, што для апошняй акцыі ў Аргуне чачэнцам дастаткова было двух чалавек. Маўладзі Удугаў сказаў сёньня, што падрыхтаваныя мінімум 500 чачэнцаў, гатовыя ахвяраваць уласным жыцьцём і выканаць ролю камікадзэ як у Чачні, гэтак і па-за яе межамі.

Баявыя дзеяньні, калі невялікія, але добра ўзброеныя групы, базы якіх знаходзяцца ў добра замаскаваных і маладаступных для праціўніка раёнах, зьдзяйсьняюць эфэктыўныя напады на рэгулярныя армейскія аддзелы – ёсьць, паводле ўсіх прыкметаў, клясычнай формаю партызанскае вайны.

Можна назваць шмат іншых прыкметаў такое вайны, але галоўная, унівэрсальная для ўсіх часоў – такая вайна ніколі не бывае кароткаю.

XS
SM
MD
LG