Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Чарговы раз адтэрмінаваны прэм'ерны паказ мастацкага фільма Міхала Пташука "Момант ісьціны", на здымкі якога Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся выдаткаваць мільён даляраў. Вэтэраны вайны зноў засталіся без абяцанага падарунка.

Пасьля анансаваных Міністэрствам культуры тэрмінаў, прымеркаваных спачатку да 9 траўня, потым да 22 чэрвеня і, нарэшце, да 3 ліпеня, прэм'ера "Моманту ісьціны" чарговы раз адкладзеная.

Як нам удалося даведацца ў здымачным штабе, у лепшым выпадку яшчэ паўгода спатрэбіцца на агучваньне, запіс музыкі й шумавое афармленьне. Нягледзячы на тое, што беларуска-расейская каманда гукарэжысэраў працуе ў дзьве зьмены, грошы могуць скончыцца ў любы момант. Мільён даляраў, выдаткаваны Аляксандрам Лукашэнкам пад гарантыю трыюмфальнага ўсясьветнага шэсьця, даўно скончыўся.

Адзін з калегаў Міхала Пташука паведаміў, што рэжысэр вельмі спадзяваўся на нядаўні ваяж Лукашэнкі ў Маскву. Маўляў, адным з пунктаў перамоваў на вышэйшым узроўні мелася стаць і дадатковае фінансаваньне ідэялягічнае стужкі. Але Лукашэнка прыехаў ні з чым: вольных сродкаў у расейскай казьне няма.

Здаецца, расейскі бок наогул губляе цікавасьць да глябальнага палатна. Некалькі тыдняў таму здымачную пляцоўку наведаў адзін з першых інвэстараў праекту – маскоўскі дэпутат-бізнэсмэн Сямага. Паўшчуваўшы творчую каманду за павольнасьць ды марнатраўства, інвэстар бразнуў дзьвярыма.

Па-ранейшаму вісіць у паветры статус стужкі. Нагадаю, што напачатку году аўтар сцэнару, пісьменьнік Уладзімер Багамолаў заявіў пра намер адасобіцца ад кінавэрсіі свайго твору. Пасьля прагляду чарнавога варыянту Багамолаў раскрытыкаваў Пташука за тое, што той адыйшоў ад першапачатковае задумы. Як распавядаюць сьведкі спрэчкі, расейскі пісьменьнік абураўся, чаму салдаты "СМЕРШу" такія жыцьцярадасныя, апранутыя ў адпрасаваныя гімнасьцёркі й так гладка паголеныя, а вайсковая тэхніка адпавядае ўзорам пачатку 80-х. Да таго ж Багамолаў канстатаваў, што дух фільму не адпавядае духу кнігі, а значыць, Пташук павінен памяняць назоў стужкі. Пасьля вяртаньня ў Маскву пісьменьнік заявіў, што справа дойдзе да суду, калі Пташук прайгнаруе ягоныя патрабаваньні.

Упершыню ў гісторыі беларускага кінематографу рэжысэр і аўтар сцэнару так радыкальна разыйшліся ў пунктах гледжаньня. Менавіта сёньня, напярэдадні чарговае спробы запусьціць стужку ў пракат, Багамолаў меўся даць у Маскве вялікую прэсавую канфэрэнцыю. Але паколькі тэрмін запуску зноў ня вытрыманы, гутарка з журналістамі адкладзеная.

Ані кінакрытыкі, ані калегі Пташука стужку пакуль ня бачылі, яе трымаюць далей ад чужых вачэй. Але некаторыя крытыкі ўжо прагназуюць, што заваёўваньне ўсясьветных кінафэстываляў, на якое так разьлічваў Лукашэнка, адмяняецца. Спэцыялісты мяркуюць, што стужка безь імя Багамолава адразу губляе вагу.

Фактычны правал ідэялягічнае задумы беларускага кіраўніцтва адаб'ецца перш за ўсё на кінастудыі "Беларусьфільм". Так бы мовіць, "дзякуючы" "Моманту ісьціны" за два з паловаю гады ў павілёнах кінастудыі ня зьняты аніводзін мастацкі фільм. Бюджэты дакумэнтальных стужак скарочаныя да мінімуму. Фактычна бяз працы засталіся два дзясяткі рэжысэраў, многія зь якіх больш знакамітыя, чым Пташук. У ахвяру ідэялягічнаму Саюзу прынесеная цэлая кінематаграфічная галіна.

XS
SM
MD
LG