Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 1 ліпеня)
У Менску адбыўся пазачарговы зьезд Беларускай Асацыяцыі журналістаў. Зьезд абраў новае кіраўніцтва Асацыяцыі і прыняў праграму дзейнасьці на два гады.

Беларуская Асацыяцыя журналістаў сёньня аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах 702 сябры й 163 СМІ. І гэта, бадай, галоўны вынік таго шляху, які прайшла гэтая журналісцкая арганізацыя за пяць гадоў свайго існаваньня.

Неабходнасьць скліканьня пазачарговага зьезду была выклікана некалькімі прычынамі, сярод якіх галоўная – абраньне новага кіраўніцтва. За мінулы год адзін зь віцэ-прэзыдэнтаў, а таксама некалькі сябраў праўленьня пачалі працаваць за межамі Беларусі, і зразумела, страцілі магчымасьць прымаць актыўны ўдзел у працы арганізацыі. Адразу скажам, што выбары прайшлі без альтэрнатывы і безь сюрпрызаў – прэзыдэнтам Асацыяцыі зноў стала Жанна Літвіна – нязьменны кіраўнік гэтай грамадзкай арганізацыі.

У інтэрвію для нашага радыё, адказваючы на пытаньне пра асноўныя прынцыпы й пэрспэктывы дзейнасьці БАЖу, спадарыня Літвіна сказала:

(Літвіна: ) "Я кложны раз падкрэсьліваю, што Беларуская Асацыяцыя журналістаў – гэта непалітычная арганізацыя. Гэта адкрытая грамадзкая арганізацыя прафэсіяналаў – у першую чаргу. Таму, палітыкі прыходзяць і сыходзяць на Алімп палітычны, а мы павінны заставацца са сваёй прафэсіяй. І на сёньняшні дзень больш важнай задачы для беларускага журналісцкага асяродзьдзя няма, чым даць людзям інфармацыю напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. І даўшы гэтую інфармацыю, мы й будзем спрыяць тым палітчным працэсам, якія будуць адбывацца ў краіне.

Ну, а тое, што сёньня Зьезд прыняў праграму на пэрспэктыву, на бліжэйшыя два гады нашай дзейнасьці, дык у гэтай праграме я хацела б асоба зьвярнуць увагу на такі кірунак – фінансавая незалежнасьць і ўстойлівасьць СМІ. Нажаль, эканамічныя праблемы, зь якімі мы сёньня сутыкаемся – яны самыя балючыя для недзяржаўнага друку ў першую чаргу. Таму што мы пастаўленыя ў эканамічна няроўныя ўмовы. І тут можна доўга гаварыць на гэтую тэму, але гэта самае галоўнае патрабаваньне да ўладаў – дэманапалізацыя СМІ, стварэньне грамадзка-палітычнае тэлевізіі замест той, што мы сёньня маем".

(Карэспандэнт: ) "БАЖ выяўляе сабою ўжо істотную сілу ў журналісцкай супольнасьці. Ці мяняецца ў сувязі з ростам аўтарытэту Асацыяцыі стаўленьне да яе з боку дзяржаўных структураў?"

(Літвіна: ) "На сёньняшні дзень магу абсалютна ўпэўнена сказаць, што з намі вымушаныя лічыцца. Цяпер 702 журналіста ў арганізацыі – сур'ёзная сіла, якая сёньня павінна мець давер грамадзянаў Беларусі, павінна зьдзяйсьняць тую функцыю, дзеля чаго мы існуем, дзеля чаго мы – журналісты".

Гаварыла Жанна Літвіна, якая сёньня зноў была абрана прэзыдэнтам Беларускай Асацыяцыі журналістаў.

Трэба сказаць, што кіраўнічыя ворганы Асацыяцыі істотна абнавіліся – напрыклад, абраныя два новыя віцэ-прэзыдэнты. Гэта юрыст Цэнтру праўнай абароны пры БАЖ Андрэй Бастунец і генэральны дырэктар "БДГ" Эдуард Мельнікаў. Свае паўнамоцтвы віцэ-прэзыдэнтаў захавалі Аляксандар Тамковіч і Анатоль Гуляеў. Таксама істотна зьмяніўся склад управы.

Асноўным недахопам БАЖ некаторыя выступоўцы называлі недастатковае інфармаваньне грамадзкасьці пра дзейнасьць і акцыі Асацыяцыі. Таму зьезд вырашыў стварыць з гэтай мэтаю прэс-цэнтар БАЖ.

Зьезд прыняў праграму дзеяньня Асацыяцыі да 2003 году. Галоўнымі мэтамі Асацыяцыі стане забесьпячэньне роўных эканамічных, праўных і сацыяльных умоваў дзяржаўным і недзяржаўным СМІ. Удзельнікі зьезду таксама абралі дэлегатаў ад БАЖ на Ўсебеларускі зьезд і Кангрэс дэмакратычных сілаў.

XS
SM
MD
LG