Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 1 ліпеня)
Сёньня ў Менску адбываецца III Сойм Маладога Фронту. Дэлегаты мусяць зацьвердзіць праграму далейшага разьвіцьця арганізацыі ды абраць новае кіраўніцтва. Зараз пачынаецца вылучэньне кандыдатаў на пасаду старшыні. Вынікі галасаваньня стануць вядомыя прыблізна а 21-й гадзіне паводле менскага часу. За вострай дыскусіяй, што разгарнулася на Сойме, назірае наш карэспандэнт.

Малады Фронт сталее. У параўнаньні зь мінулым Соймам дэлегаты выглядаюць больш сур'ёзнымі. У зале пануе дзелавая атмасфэра: прамовы й спрэчкі афарбаваныя агульным разуменьнем, што сягоньняшні сход маладафронтаўцаў мусіць стаць лёсавызначальным для гэтай масавай грамадзкай арганізацыі.

На Сойме распачалася дыскусія ў прынцыповых пытаньнях: якім быць Маладому Фронту ў пэрспэктыве, якую нішу заняць на палітычным полі краіны, як пашыраць свой уплыў на нацыянальна-арыентаваную моладзь, якія каштоўнасьці лічыць прыярытэтнымі, нарэшце, якія арганізацыйныя мадэлі дзеля дасягненьня гэтых мэтаў могуць стаць дзейснымі.

На Сойме заманіфэставаныя дзьве канцэптуальныя праграмы далейшага разьвіцьця арганізацыі. У адной зь іх, аўтар якой – цяперашні старшыня Павал Севярынец, Малады Фронт вызначаецца як фронт нацыянальнай ідэі і духовага Адраджэньня. Радыкалізм адкідаецца, на першае месца вылучаецца культурна-асьветніцкая і адукацыйная дзейнасьць. А выкананьне мэтаў павінна ажыцьцяўляцца праз дасягненьне эфэкту прысутнасьці – "суполкі актывістаў у кожнай школе, вучэльні, факультэце".

Альтэрнатыўны праект праграмы разьвіцьця Маладога Фронту падрыхтаваны ініцыятыўнай групаю на чале з другім кандытам на пасаду старшыні Аляксеем Шыдлоўскім. Паводле пректу, моладзевая арганізацыя перадусім зьяўляецца суб'ектам палітычнага поля Беларусі. Сэнс ейнага існаваньня ў гуртаваньні й выхаваньні моладзі на глебе нацыянальнай ідэі, а таксама «мабілізацыя на правядзеньне вулічных, адукацыйна-асьветніцкіх і патрыятычна спартовых акцыяў». Прыхільнікі Аляксея Шыдлоўскага падкрэсьліваюць сваю лучнасьць зь Беларускім Народным Фронтам, называючы яго «бацькоўскай арганізацыяй» і лічаць, што Малады Фронт мусіць падпарадкоўвацца ў палітычных пытаньнях рашэньням Сойму БНФ.

На Сойме ў якасьці гасьцей прысутнічаюць і кіраўнікі партыі БНФ. Вінцук Вячорка з павагаю адзначае сур'ёзны падыход маладафронтаўцаў да будучыні арганізацыі:

(Вячорка: ) "Я ўсьцешаны ўвогуле, што пачалася дыскусія, што канкуруюць альтэрнатыўныя гледзішчы. І сама па сабе гэтая дыскусія ўжо ёсьць добрым знакам – гэта значыць, што незалежна ад вынікаў выбараў з гэтай дыскусіяй – хто б ня быў выбраны – мусіць лічыцца. Я, вядома хацеў бы, каб любыя вынікі прывялі не к адыходу каго б там ні было з арганізацыі – ня трэба паўтараць розных недарэчнасьцяў, якія часам робяць старэйшыя іхныя таварышы.

У кожным разе, бачыў бы 2000 – 2001 гады часам прарыву Маладога Фронту. Яго адначасовай прафэсіяналізацыі, ператварэньня ў сапраўдную палітычную арганізацыю моладзі з прадуманай кадравай палітыкаю. І, з другога боку – каб гэтая палітычная арганізацыя была падгрунцем для масавага шматстайнага маладзёвага руху – умоўна кажучы, у якім знашлося б месца і джынсам, і спартовікам, і манцёрскім кошкам, і камуфляжу, гальштукам з гарнітурамі, і нават смокінгам зь мятлікамі".

Вынікі абраньня старшыні будуць залежаць не ў апошнюю чаргу ад таго, які з праектаў далейшага разьвіцьця арганізацыі ўхваляць дэлегаты.

Бакі выкарыстоўваюць розныя прыёмы агітацыі. Так, зранку сярод дэлегатаў распаўсюджваліся налепкі ды ўлёткі пад назовам "5 прычынаў, чаму я буду галасаваць за Паўла Севярынца".

Вось пазыцыі некаторых дэлегатаў:

(Дэлегатка: ) "Я думаю, што пераможа Павал Севярынец. Я не лічу Аляксея Шыдлоўскага здольным у арганізатарскіх справах".

(Дэлегат: ) "Тыя канструктыўныя сілы, якія могуць штосьці зрабіць – яны грунтуюцца, аб'ядноўваюцца вакол Шыдлоўскага".

Практычна ніхто не бярэцца прадказаць, хто будзе абраны на пасаду старшыні. Бальшыня схіляецца да таго, што галасы падзеляцца прыкладна пароўну. У любым разе, для ўдзельнікаў III Сойму Маладога Фронту відавочна, што цяперашні старшыня Павал Севярынец ня зможа атрымаць 80 адсоткаў галасоў, як гэта было на мінулым Сойме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG