Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Апазыцыйныя палітычныя партыі пакуль што не гатовыя падпісаць мэмарандум у супольным няўдзеле ў парлямэнцкіх выбарах. Гэта стала зразумела на IV Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што прайшоў у мінулую нядзелю ў Менску.

З заклікам да калегаў – лідэраў партыяў – падпісаць супольны мэмарандум ці дэклярацыю пра няўдзел у выбарчым фарсе, які рыхтуе Аляксандар Лукашэнка, выступіў старшыня Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка. Яшчэ раз вельмі яскрава агучыў гэтую прапанову сакратар арганізацыйнага камітэту Кангрэсу Вячаслаў Сіўчык. Аднак, нягледзячы на тое, што ў сваіх ацэнках палітычнае сытуацыі лідэры іншых партыяў не адрозьніваліся – мала хто лічыў, што рыхтуецца нешта іншае чым выбарчы фарс, – частка партыйных лідэраў аказалася негатовая да падпісаньня такога мэмарандуму.

Гаворыць лідэр Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Кожная дэмакратычная арганізацыя, кожная дэмакратычная партыя мае свае працэдуры – гэта першае. А другое – калі гаворка йдзе яшчэ пра адную сэсію Кангрэсу дэмакратычных сілаў, дык, шаноўныя сябры, лепш гэтыя высілкі й намаганьні, якія мы трацім на гэтыя сэсіі, варта было б проста выкарыстаць для нармальнай дэманстрацыі. Я ня маю права, і шчыра кажучы, стаўлюся зь вялікім сумненьнем наконт гэтага мэмарандуму, асабліва ў час яшчэ нейкай другой сэсіі Кангрэсу дэмакратычных сілаў…"

Гэта быў лідэр "Народнае Грамады" Мікалай Статкевіч.

Старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька таксама спаслаўся на неабходнасьць унутрыпартыйнага ўзгадненьня гэтага пытаньня:

(Лябедзька: ) "Я – не генэральны сакратар і ня дучэ. Я – проста старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі. Натуральна, любая ініцыятыва павінная абмяркоўвацца на палітычнай радзе АГП".

Гэта быў Анатоль Лябедзька.

Мінулы зьезд Аб'яднанае Грамадзянскае парыі паказаў, што там ёсьць розныя падыходы да праблемы ўдзелу ў выбарах, таму без унутрыпартыйнае дыскусіі не абысьціся. А вось у Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамадзе ўжо вызначыліся, што ў выбарах на ўмовах Лукашэнкі ўдзелу браць ня будуць. Лідэр гэтае партыі Станіслаў Шушкевіч актыўна дабіваўся, каб і іншыя апазыцыянэры адкрыта адмовіліся ад выбараў. Гаворыць Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Я думаю, што мэмарандум могуць падпісаць усе тыя, хто вызначыўся на сваіх партыйных ворганах – як ставіцца да выбараў. Мы адназначна вызначыліся – мы ня ўдзельнічаем, таму што добра разумееем, што гэта фарс. Але ёсьць і іншы выхад – трэба знайсьці кансалідаваную пазыцыю. Можна ўставіць адзін сказ – што партыі забараняюць сваім сябрам удзельнічаць, забараняюць выстаўляць кандыдатаў… Але тыя гульні, калі кіраўніцтва як-бы няўдзельнічае, а сябры партыі ўдзельнічаюць – гэта разьбівае дэмакратычны рух".

Гэта быў Станіслаў Шушкевіч.

Жаночая партыя "Надзея" на цяперашні момант аказалася больш радыкальнаю ў гэтым пытаньні, чым некаторыя больш вядомыя апазыцыйныя партыі. Хаця яна й не выключае, што нейкія зрухі да лепшых умоваў выбарчае кампаніі усё ж магчымыя.

Гаворыць лідэр партыі "Надзея" Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Партыя "Надзея" таксама далучаеццатда мэмарандуму. І адназначна падпісвае яго сёньня – гэта абмяркоўвалася на нашай радзе – але ўсё ж такі я б унесла яшчэ адное дапаўненьне – калі зьменіцца палітычнае становішча, дык каб мы мелі шанец унесьці ратацыю ў свае рашэньні".

Гэта была Валянціна Палевікова.

Такім чынам, на гэты момант пытаньне пра падпісаньне мэмарандуму лідэрамі бальшыні апазыцыйных партыяў застаецца актуальным. Гаворыць ініцыятар гэтае прапановы лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Што да падпісаньня міжпартыйнага дакумэнту, дык відавочна, дзеля яго максімальнай эфэктыўнасьці, прадстаўнічасьці – ёсьць сэнс перанесьці гэтае пытаньне на наступнае паседжаньне новае Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў".

Гаварыў Вінцук Вячорка.

Варта заўважыць, што на Кангрэсе дэмакратычных сілаў пры абмерваньні праблемы выбараў шараговыя партыйцы часам выступалі больш востра й катэгарычна за лідэраў.

XS
SM
MD
LG