Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі афіцыйна адзначаўся гэтак званы Дзень незалежнасьці, ці дзень Рэспублікі. Спалучанае ўладамі зь днём вызваленьня Менску ад фашыстоўскай акупацыі, ці стала гэтае сьвята агульнанародным? Гэтае ды іншыя пытаньні адносна Дня незалежнасьці мінакам на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Дрэннае надвор'е, што ўсталявалася апошнія дні ў Менску, істотна паўплывала на маштаб сьвяткаваньня. Нягледзячы на тое, што ўлады ператварылі цэнтар Менску ў канцэртную пляцоўку, людзей на сьвята прыйшло небагата. Нават афіцыйная частка сьвяткаваньня адбывалася сёньня на працягу ўсяго аднае гадзіны.

Калёна вэтэранаў II Ўсясьветнае вайны, а таксама прадстаўнікоў розных пракамуністычных арганізацыяў ды маладых "патрыётаў" з БПСМ колькасьцю каля трох тысячаў чалавек прайшла ўраніцу шэсьцем ад Дому афіцэраў да пляцу Перамогі, дзе адбылося ўскладаньне кветак да помніку. Шэсьце ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка, а таксама прэм'ер Уладзімер Ярмошын, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч, сілавыя міністры ды іншыя высокія чыноўнікі й прадстаўнікі духавенства.

Прамова Лукашэнкі каля помніку Перамогі працягвалася ўсяго каля 10 хвілінаў і не была асабліва арыгінальнаю. (Лукашэнка дзякаваў вэтэранам за вызваленьне ад фашызму.) Пасьля гэтае прамовы да абеліску пачалі ўскладаць кветкі.

На маё пытаньне чым для вэтэранаў ёсьць сёньняшні дзень – Незалежнасьці ці вызваленьня ад фашыстаў – адказы былі наступнымі:

(галасы: ) "Сёньняшняе сьвята – Дзень вызваленьня Беларусі, незалежнасьці таксама, так… Вызвалілі Беларусь 3 ліпеня… Гэта падвоенае сьвята… Гэта вельмі знамянальная падзея ў жыцьці беларускага народа, таму што гэта сьвята душы, сьвята свабоды й незалежнасьці. Вось вашая радыёстанцыя "Свабода", дык я мушу сказаць, што ў Беларусі больш свабоды, чым дзе-небудзь у іншай краіне. Калі б мы не перамаглі – не было б незалежнасьці…"

Погляды моладзі на аб'яднаньне дня Незалежнасьці й Вызваленьня ў адное сьвята былі абсалютна супрацьлеглымі:

(галасы: ) "Ну, для гэты дзень, напэўна, значыць ня так шмат, як для людзей больш сталага веку, але усё ж такі сьвята. І раней яго ў нейкі іншы дзень вызначалі – я ня памятаю, калі, але трэба было пакінуць так, як было… Я проста лічу, што гэта ня дзень Незалежнасьці, а дзень Вызваленьня, таму што Беларусь і да гэтага была незалежнай, а дзень Незалежнасьці – крыху раней, я дакладна дату ня памятаю, раней… Моладзі хочацца, каб сьвяткавалі Дзень Незалежнасьці ў іншы дзень… Дзень Незалежнасьці й дзень Вызваленьня – гэта зусім розныя сьвяты, ня можна зьмешваць такія рэчы. Вызваленьне ад фашыстаў – гэта іншае, а зараз нам трэба дамагчыся незалежнасьці ад Расеі…"

Людзі ж сярэдняга веку сьпяшаліся некуды ў сваіх справах і да сьвята Незалежнасьці Рэспублікі былі даволі абыякавымі:

(Карэспандэнт: ) "Ведаеце, якое сьвята сёньня адзначаюць?"

(галасы: ) "Дзень Беларусі… Вызваленьня…"

(Карэспандэнт: ) "А акрамя гэтага ён яшчэ завецца днём Незалежнасьці. На вашую думку, незалежнасьць была абароненая ад каго?"

(голас: ) "Ад фашыстаў…"

(галасы: ) "Дзень Незалежнасьці й дзень Вызваленьня… Ня ведаю, трэба падумаць… Не сьвяткую… Ці трэба сьвяткаваць дзень Незалежнасьці й Вызваленьня асобна? А мне – усё роўна…"

Такім чынам, можна казаць пра тое, што Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ня стаў агульнанацыянальным сьвятам беларусаў. Калі для вэтэранаў гэта сьвята, дык у новага пакаленьня ўжо зусім іншыя прыярытэты.

XS
SM
MD
LG