Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Валянцін Жданко, Менск

На ўчарашнім урачыстым сходзе з нагоды 3 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за апошнія гады выступаў па-беларуску й заклікаў умацоўваць незалежнасьць краіны.

Сход упершыню адбыўся ў галоўнай зале толькі што пабудаванага Палаца Рэспублікі. Гэтае цыкляпічнае збудаваньне сваімі памерамі пераўзыходзіць нават пампэзны маскоўскі Палац зьездаў, і Аляксандар Лукашэнка на вялікай, як футбольнае поле, сцэне выглядаў адзінокім і далёкім ад публікі. Тым больш, што звыклага ганаровага прэзыдыюму гэтым разам на сцэну чамусьці не пасадзілі – можа, таму, што гледачоў на агромністае памяшканьне і так не хапіла, і зала выглядала ня надта поўнай.

Для большай часткі публікі – а гэта былі галоўным чынам вэтэраны ды пэрсанальныя пэнсіянэры – поўнай нечаканасьцю стала тое, што даклад Лукашэнкі, па-першае, гучаў на беларускай мове, а па-другое, дакладчык раз-пораз з патасам заклікаў бараніць і ўмацоўваць незалежнасьць краіны. Вы можаце быць незадаволеныя цэнамі ў крамах або сваімі заробкамі, – казаў Лукашэнка, – гэта ўрэшце можна перацярпець і выправіць, а вось незалежнасьць – галоўная каштоўнасьць любога народа, і яе губляць ані ў якім разе нельга.

Паводле законаў жанру, прамова перапынялася бурнымі воплескамі, хоць значная частка гледачоў пры гэтым арыентавалася хутчэй на паўзы ў дакладзе, чым на зьмест, бо зьмест сапраўды быў зусім ня тым, да якога прызвычаілася вэтэранская аўдыторыя.

Публічна па-беларуску Лукашэнка выступае надзвычай рэдка. Праўда, першы вялікі прэзыдэнцкі даклад 27 ліпеня 94-га году прагучаў якраз на беларускай мове і ў выразна незалежніцкім тоне, але адбылося гэта тады хутчэй насуперак ягонае волі. Як згадваў пазьней Аляксандар Фядута (тагачасны начальнік управы інфармацыі і прэзыдэнцкі сьпіч-райтар), Лукашэнку яму тады проста ўдалося ўгаварыць, што на Дзень Незалежнасьці патрэбен якраз такі даклад.

Тады адразу пасьля дакладу многія нават загаварылі пра рэзкі паварот Лукашэнкі да нацыянальных незалежніцкіх каштоўнасьцяў, але размовы тыя хутка сьціхлі, як і беларуская мова ў вуснах Лукашэнкі.

Цяпер вось неспадзяваны паўтор тае амаль забытае рыторыкі. Наўрад ці варта рабіць на гэтай падставе высновы пра нейкі кардынальны зрух лукашэнкавае палітыкі, нават на фоне ягонай яўнай стомленасьці ад шматлікіх інтэграцыйных няўдачаў і паразаў на расейскай палітычнай сцэне.

… Зьвярну ўвагу на адзін, на маю думку, красамоўны эпізод учарашняга сходу. Лукашэнка доўга чытаў патасны беларускамоўны даклад, потым адарваў позірк ад папераў (пацягнула на экспромт) – і… тут жа перайшоў на расейскую мову. І распавёў гісторыю, якую час ад часу ў розных аўдыторыях распавядае яшчэ з тае пары, як быў дэпутатам – пра Балгарыю, якая прасілася ў Савецкі Саюз 16-й рэспублікаю, а Масква не пагадзілася – дзеля таго нібыта, каб мець лішні голас у ААН і не ўсчыняць міжнароднага скандалу.

Умоўная незалежнасьць Балгарыі ад Савецкага Саюзу пры адыёзным дыктатару Тодару Жыўкаву, якую так любіць называць у якасьці прыкладу Аляксандар Лукашэнка – гэта, верагодна, і ёсьць для яго ўзор дзяржаўнае незалежнасьці.

XS
SM
MD
LG