Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Пад Гомелям на невялічкіх могілках вёскі Асовіна ўчора быў пахаваны змагар за незалежнасьць Беларусі Рыгор Клімовіч. Ён пражыў 76 гадоў, дванаццаць зь іх быў вязьнем сталінскіх лягераў.

Пахаваць не на гарадзкіх могілках, а менавіта на пагосьце ў вёсцы Асовіна – сваёй малой радзіме – была воля Рыгора Клімовіча. Тут навекі спачываюць яго бацька, маці, сястра, іншыя аднавяскоўцы з прозьвішчам Клімовіч.

Праводзілі Рыгора Клімовіча ў апошні шлях ня толькі ягоныя родныя – жонка, сын, дачка – але і ацалелыя паплечнікі, былыя вязьні савецкіх лягераў – зь Віцебску Васіль Неліповіч, з Гомелю Аляксандар Амельевіч, Іван Кушняроў, Цімох Вострыкаў – а таксама многія маладзейшыя аднадумцы і рупліўцы беларушчыны. Яны трымалі герб Пагоню і бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнымі жалобнымі стужкамі.

Паводле агульнага меркаваньня, імя Рыгора Клімовіча абавязкова будзе ў падручніках беларускай гісторыі і літаратуры. Такую думку, у прыватнасьці ў жалобнай прамове на могілках выказала сябра Таварыства Беларускае Мовы Валянціна Башлакова. Была зачытаная і адозва старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Зянона Пазьняка ў памяць выбітнага чалавека. У ёй сказана, што сябры Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і партыі БНФ з болем і смуткам успрынялі вестку пра сьмерць змагара за незалежнасьць Рыгора Клімовіча.

Рыгор Клімовіч быў вядомы ня толькі ў Беларусі, але й ва Ўкраіне, у Расеі, удзельнічаў у міжнародных канфэрэнцыях і кангрэсах палітвязьняў у Маскве і Кіеву. Ён аўтар кнігі ўспамінаў "Сьмерць – ня самае страшнае", а таксама шматлікіх артыкулаў у часопісах "Воля", "Супраціўленьне ў ГУЛАГу", альманаху "АзёрЛАГ".

А летась пабачыла сьвет апошняя кніга Рыгора Клімовіча – "Канец ГорЛАГу", прысьвечаная падзеям Нарыльскага паўстаньня вязьняў у 1953 годзе. Аўтар кнігі быў адным з кіраўнікоў паўстаньня.

XS
SM
MD
LG