Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў у лісьце, дасланым у сакратарыят Таварыства Беларускае Мовы, прапануе кіраўніцтву ТБМ вярнуцца ў гэтак званы "грамадзка-палітычны дыялёг" ды стварыць з ягоных удзельнікаў экспэртавую групу ў абмеркаваньні праблемаў роднае мовы.

Ліст спадара Посахава (вытрыманы, дарэчы, у стылі беларускамоўнага канцылярыту) выклікаў цікавасьць у кіраўніцтве ТБМ. Яно ацэньвае яго не як асабістыя меркаваньні высокапастаўленага чыноўніка, а як пэўныя праявы павароту атачэньня Лукашэнкі да праблемаў мовы.

Аднак рэакцыя ТБМ на канкрэтныя прапановы вяртаньня ў гэтак званы "дыялёг грамадзка-палітычных сілаў" даволі стрыманая. Прыняты 29 чэрвеня на паседжаньні сакратарыяту Таварыства адказ прэзыдэнцкаму памочніку ўтрымлівае шэраг умоваў, пры выкананьні якіх ТБМ згодна вярнуцца на афіцыйныя паседжаньні "дыялёгу".

Вось некалькі цытатаў з ліста, так бы мовіць, у адказ, з вуснаў старшыні ТБМ Алега Трусава:

"Мы цалкам згодныя, што пра стан мовы тытульнае нацыі краіны мусіць клапаціцца ня толькі нашая грамадзкая арганізацыя, а ў першую чаргу – дзяржаўная ўлада, бо справа гэтая ў любой цывілізаванай краіне сьвету нашмат больш дзяржаўная, чым грамадзкая. Мяркуем, што сярод 112-ці грамадзкіх арганізацыяў, што лічацца ўдзельнікамі дыялёгу, знойдуцца пажаданыя стварыць экспэртавую групу ў гэтым, надзвычай актуальным у жыцьці нашае краіны, пытаньні. І тады прадстаўнікі ТБМ абавязкова аозьмуць удзел у яе працы".

Гэткім чынам, як вынікае са словаў спадара Трусава, само ТБМ не зьбіраецца ствараць у рамках афіцыйнага "дыялёгу" прапанаванае спадаром Посахавым экспэртавае групы, але ўпэўненае, што на паседжаньні "дыялёгу" ходзіць каля дзясятка прадстаўнікоў тых грамадзкіх ды палітычных структураў, якія маглі б такую групу стварыць. І калі яны афіцыйна абвесьцяць пра намер абмяркоўваць з кіраўніцтвам краіны пытаньні наданьня роднае мове рэальнага статусу дзяржаўнай, а таксама неадкладнага адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту, дык гэта будзе азначаць, што на "дыялёгу" ёсьць сілы, зь якімі можна весьці канструктыўную гаворку. Што й будзе ўмоваю вяртаньня ТБМ у гэтак званы "дыялёг".

Далей у лісьце спадару Посахаву сакратарыят ТБМ заяўляе пра сваю гатоўнасьць да асабістых сустрэчаў з прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны дзеля абмеркаваньня пытаньняў статусу мовы, а таксама дзеля перадачы сабраных у падтрымку адкрыцьця нацыянальнага ўнівэрсытэту подпісаў.

Іх, дарэчы, сабрана каля 28 тысячаў. 7 тысячаў зь іх раней перададзена міністру адукацыі Васілю Стражаву. Міністар тады зрэагаваў на іх фактычнай адмоваю, таму 21 тысячу подпісаў ТБМ'аўцы хочуць перадаць асабіста кіраўніцтву адміністрацыі прэзыдэнта, у чыіх руках і знаходзіцца цяпер лёс ідэі Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG