Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Возера Сьвіцязь, апетае Адамам Міцкевічам, аддадзенае наваградзкімі ўладамі Беларускай чыгунцы як рыбагаспадарчы вадаём. Тэрмін арэнды – 10 гадоў. Гэтая падзея выклікала занепакоенасьць людзей, у прыватнасьці, у самім Наваградку.

Што будзе з возерам, калі ў ім пачне гаспадарыць Баранавіцкі аддзел Беларускае чыгункі? Які будучы лёс унікальнага возера? Наваградцаў гэта вельмі непакоіць.

У апошнім нумары раённае газэты "Новае жыццё" зьмешчаныя лісты чытачоў, якія выказваюць занепакоенасьць сваіх знаёмых і сяброў па працы. "Перадалі – а што далей?" – такі загаловак аднаго зь лістоў. У іншым возера Сьвіцязь называецца "наваградзкай Аляскаю". У раённым выканкаме нэгатыўна паставіліся да публікацыяў.

Я размаўляў па тэлефоне з рэдактарам газэты Васілём Кузьмічом. Ён сказаў наступнае: рашэньне пра перадачу возера ў арэнду публічна аніяк не абгрунтоўвалася. Наваградцаў насьцярожыла, што Сьвіцязь была афіцыйна названая рыбагаспадарчай сажалкаю, хоць рыбы там адмыслова ніколі не разводзілі. Чытачы газэты баяцца, што выгоды атрымае толькі чыгунка, а для мясцовых жыхароў – для якіх возера было заўжды ўлюбёным месцам адпачынку – будуць уведзеныя абмежаваньні ў доступе да Сьвіцязі.

На падставе публікацыі будзе зроблены запыт у Баранавіцкі аддзел чыгункі, – сказаў рэдактар газэты. – Хай яны патлумачаць жыхарам раёну, якія рэальныя зьмены адбудуцца на возеры.

Загадчык раённага аддзелу прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Стромскі патлумачыў карэспандэнту "Свабоды", што ўсе азёры, у якіх жыве рыба, афіцыйна называюцца "рыбагаспадарчымі". Аднак, маўляў, колькасьць рыбы ў возеры павялічваць ня будуць, проста зробяць платныя ліцэнзіі для аматараў-рыбалоўцаў, а таксама добраўпарадкуюць возера й будуць даглядаць яго, і яно павінна застацца толькі зонаю адпачынку – у чыгунцы ёсьць на ўсё грошы…

У Наваградзкім раёне, між іншым, чыгункі няма ўвогуле, але чыгуначнікі не зьнянацку атрымалі ў арэнду Сьвіцязь – займаліся яны гэтым даўно й мэтаскіравана. Год назад – 25 чэрвеня – сэсія Наваградзкага раённага савету зацьвердзіла папярэднія дзеяньні выканаўчае ўлады "аб пераўтварэнні калгаса "Свіцязь" у агра-гандлёвае прадпрыемства "Свіцязь" і аб уключэнні яго ў склад Беларускай чыгункі". Праз паўгода старшыня выканкаму Анатоль Ліс задаволена канстатаваў, што чыгунка ўклала ў калгас больш за 100 млрд. рублёў.

Апроч таго, чыгунка дамаглася й перадачы ад прафсаюзаў адзінага пансыянату "Свіцязь", які знаходзіцца на возеры. Аднак і гэтага чыгуначнікам здалося, што замала – яны захацелі атрымаць дзяржаўны заказьнік "Свіцязянскі" разам з возерам.

Сэсія раённага савету, аднак, не дала дазволу – трэба, маўляў, яшчэ дадаткова вывучыць пытаньне. Гэта было 9 сьнежня летась.

Сяргей Стромскі, загадчык аддзелу прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, паведаміў мне, што высьветлілася тады наступнае – Лясны кодэкс пакуль не дазваляе перадаваць заказьнік чыгунцы. Таму чыгуначнікі папрасілі хаця б возера.

З возерам апошняя чэрвеньская сэсія раённага савету вырашыла – дазволіць перадачу ў арэнду, але з умоваю кантролю з боку дэпутатаў. Дарэчы, на сэсіі адбылася даволі гарачая дыскусія – дэпутаты сумняваліся, калі возера аддалі, – цікава, якую ж карысьць будзе мець мясцовая ўлада ад такой арэнды? Напэўна, немалыя грошы.

Не магу вам зараз сказаць дакладна,– прызнаўся мне Сяргей Стромскі,– але сума гэтая невялікая, прыблізна, мінімалак дзесяць у год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG